Скандальны шлюб у Чачні «зарэгістравала» журналістка?

17.05.2015 / 15:07

Таямнічая рэгістратарка шлюбу.

Журналістка Ася Бялова. Здымак з яе інтэрв'ю.

Жанчына, якая зарэгістравала шлюб 17-гадовай Хеды (Луізы) Гайлабіевай і 46-гадовага начальніка Нажай-Юртаўскага РАУС Нажуда Гучыгава выявілася чачэнскай журналісткай, піша ў фэйсбуку карэспандэнт часопіса «Коммерсант-Власть» Лізавета Сурначова.

Паводле яе слоў, у ролі супрацоўніцы ЗАГСа выступіла журналістка радыё «Грозны» Ася Бялова.

У сваім інстаграме Бялова не пацвердзіла і не абвергла інфармацыю аб тым, што яна з'яўляецца супрацоўніцай ЗАГСа.

Шлюб Гайлабіевай і Гучыгава быў зарэгістраваны ў Грозненскім ЗАГСе напярэдадні.

У канцы красавіка «Новая газета» са спасылкай на аднавяскоўцаў дзяўчыны паведаміла, што яе прымушаюць да шлюбу, а кіраўнік паліцыі Нажай-Юртаўскага раёна нібыта пагражае яе сваякам і выставіў у вёсцы патрулі. Улады Чачні гэта абверглі, а на мясцовым тэлебачанні выйшаў сюжэт, у якім Гайлабіева кажа, што выходзіць замуж за Гучыгава па ўласным жаданні.