Вілейскія краязнаўцы зладзілі талаку каля Варацішавага крыжа

21.05.2015 / 13:04

Фота vk.com/tap_vialejka.

 

Фота vk.com/tap_vialejka.

Сябры Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры з Вілейкі ўсталявалі чарговы інфармацыйны стэнд у раёне. На гэты раз валанцёры адзначылі вёску Камена, дзе знаходзіцца, як лічаць, адзін з Барысавых камянёў — Варацішаў крыж.

Варацішаў крыж, фота Сяргея Макарэвіча.

Варацішаў крыж — валун з выявай крыжа. Як помнік эпіграфікі, ён датуецца ХІ-ХІІ стст. Даследчыкі сцвярджаюць, што валун сюды трапіў з ледавіком тысячы гадоў таму з Фінляндыі. А згодна з народнай легендай, у такі камень Бог ператварыў селяніна, які на Вялікдзень араў поле. Відаць, селянін быў сапраўдным волатам, калі камень атрымаўся большым за два метры вышынёй.

Варацішаў крыж, фота Сяргея Макарэвіча.

Камень адкрыў для навукі граф Канстанцін Тышкевіч у1857 годзе, падчас правядзення яго знакамітай экспедыцыі па рацэ Вілія.

Раней падобныя стэнды вілейскія валанцёры ўсталявалі ў іншых месцах раёна: каля магілы паўстанцаў ва Уладыках, на месцах былых маёнткаў Агінскіх у Ручыцах і Козел-Паклеўскіх у Сэрвачы.

СМ