Віцэ-прэзідэнт ЗША: Ад Пуціна хочам не адстаўкі, а рацыянальнасці

28.05.2015 / 07:34

Віцэ-прэзідэнт ЗША Джо Байдэн абрынуўся з крытыкай на прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і сказаў, што Белы дом усё яшчэ разглядае пытанне аб пастаўках зброі Украіне. Разам з тым, ён падкрэсліў, што Вашынгтон не імкнецца да змены ўлады ў Расіі.

AP

Выступаючы ў сераду ў Брукінгскім інстытуце ў Вашынгтоне, Байдэн раскрытыкаваў расійскага прэзідэнта за, як ён выказаўся, «жорсткую агрэсію» ў адносінах да Украіны і дадаў, што Уладзімір Пуцін нясе адказнасць за «агрэсіўныя рэпрэсіі ў сябе дома».

Джо Байдэн выступіў з гэтай прамовай напярэдадні візіту прэзідэнта Барака Абамы ў Баварыю, дзе на саміце «Вялікай сямёркі» будзе абмяркоўвацца сітуацыя ва Украіне.

Байдэн сказаў, што дзеянні Расіі ў дачыненні да Украіны нясуць сур'ёзныя наступствы для сусветнага парадку.

«Кітай і многія іншыя краіны ўважліва сочаць за рэакцыяй міжнароднай супольнасці», — сказаў віцэ-прэзідэнт ЗША.

Па словах Байдэна, канфлікт на ўсходзе Украіны, які забраў жыцці больш за 6000 чалавек, стаў выпрабаваннем адзінства Захаду і НАТА.

Ён дадаў, што прэзідэнт Пуцін спрабуе заручыцца падтрымкай у палітычных колах краін Захаду, «фінансуючы як вельмі правыя, так і крайне левыя партыі, якія выступаюць супраць існуючага парадку па ўсёй Еўропе», спадзеючыся, што ён сам пратрымаецца даўжэй, чым цяперашні ўрад Украіны, і адпудзіць яе саюзнікаў.

«Мы не хочам яго зняважыць, — сказаў Байдэн. — Мы не дамагаемся змены рэжыму. Мы не дамагаемся фундаментальных зменаў унутры Расіі. Мы хочам, каб ён, з нашага пункту гледжання, паводзіў сябе рацыянальна».

Байдэн адзначыў, што лічыць прэзідэнта Пуціна чалавекам рацыянальным і мяркуе, што расійскі прэзідэнт паспрабуе дамагчыся ва Украіне максімуму магчымага.

Віцэ-прэзідэнт заклікаў краіны Еўропы падоўжыць санкцыі, накладзеныя на Расію, і паабяцаў, што амерыканскія санкцыі адмененыя не будуць.