У Канадзе памёр 93-гадовы Уладзімір Катрук, абвінавачаны па справе спалення Хатыні
28.05.2015 / 23:36
Украінец Уладзімір Катрук, супраць якога ў Расіі завялі крымінальную справу за ўдзел у спальванні жыхароў Хатыні, памёр у Канадзе ва ўзросце 93 гадоў.
«Многія гады СМІ беспадстаўна пераследавалі містэра Катрука. Я вельмі рады, што цяпер ён пакоіцца з мірам», — заявіў яго адвакат Арэст Рудзік.
Літаральна за дзень да ягонай заявы намеснік генеральнага пракурора Расіі Аляксандр Звягінцаў паведаміў, што Канада адмовілася выдаць Катрука Расіі.
Уладзімір Катрук уваходзіў у дзясятку найбольш шуканых цэнтрам Сімона Візенталя нацысцкіх злачынцаў. Ён быў знойдзены ў квэбэкскім муніцыпалітэце Мантэрэжы ў Канадзе.
Катрук апошнія гады разводзіў пчол. Падчас допыту ён адмаўляў усе сувязі з нацыстамі, заявіўшы, што нічога не ведае пра «спіс Візенталя».