У Віцебскай вобласці цеплавоз збіў жанчыну, што размаўляла па тэлефоне

03.06.2015 / 11:44

Інцыдэнт адбыўся 2 чэрвеня ў 11.55. 36-гадовая ўраджэнка вёскі Пялікі Шаркаўшчынскага раёна пераходзіла праз чыгуначны пераезд на станцыі Шаркаўшчызна, размаўляючы па мабільным тэлефоне.

Машыніст манеўровага цеплавоза паспрабаваў пазбегнуць сутыкнення і стаў падаваць гукавыя сігналы, але жанчына на іх ніяк не адрэагавала.

«З закрытай чэрапна-мазгавой траўмай, ударам галаўнога мозгу, а таксама пашкоджаннямі рознай ступені цяжкасці яна была дастаўлена ў бальніцу. Цяпер пацярпелая знаходзіцца ў рэанімацыі», — растлумачыў супрацоўнік прэс-службы МУС Аляксандр Марчанка.

Затрымкі руху цягніка ў сувязі са здарэннем не было. Праводзіцца дэталёвая праверка.