Ганконг: калі кватэра ў 16 м² — ужо раскоша 

Не смяшыце ганконгцаў сваімі кватэрнымі пытаннямі.

04.06.2015 / 10:28

Спецыяльны адміністрацыйны раён Кітая Ганконг, што яшчэ нядаўна быў практычна незалежнай краінай пад патранатам Брытаніі, ёсць адным з галоўных фінансавых цэнтраў свету. Індэкс развіцця чалавечага патэнцыялу там адзін з самых высокіх у свеце. Галоўная праблема Ганконга — вы наўрад ці зможаце там жыць.

Свае квадратныя сантыметры

Калі маладая сям’я купляе жытло ў Ганконгу, плошчу кватэры не пытаюць. Пытаюць толькі цану. Жытло настолькі дарагое, што многія жывуць у простым сэнсе на двух квадратных метрах. Як такое, фота якога публікаваў The Daily Telegraph.

Тут і ніжэй фота: Benny Lam/SoCO/Rex Features

На агульны душ ці кухню не наракаюць — добра, калі такое наогул ёсць.

Мегаполіс Ганконг з насельніцтвам больш за 7 млн месціцца на невялікай частцы раёну, на берагах паўвострава Каўлун і вострава Ганконг. Шчыльнасць насельніцтва — звыш 6200 чалавек на км² (большая толькі ў Сінгапуры і Манака). Большая частка раёну незасвоеная, дый не асабліва прыдатная да засваення.

У 1990-х праз эканамічны рост насельніцтва Ганконга рэзка падскочыла. А тэмпы будаўніцтва жыла засталіся амаль тымі ж. Сапраўдную новую кватэру сабе могуць дазволіць нямногія, а кватэра ў спадчыну — сапраўдны скарб.

Паўмільёна даляраў за 16,7 м²

Мэбля для комплексу High Place, пра які распавядае The Wall Street Journal, разлічаная літаральна да міліметраў, каб упісацца ў 180 квадратных футаў (16,7 м²). Падваконне агент прапануе выкарыстоўваць як зону для адпачынку.

Тут і ніжэй фота: Billy H.C. Kwok для The Wall Street Journal

«Дом для камара», як празвалі гэтыя кватэры, па плошчы блізкі да стандартнага беларускага паркамесца. Але ён каштуе амаль 4 млн ганконгскіх даляраў, альбо 516 тысяч даляраў амерыканскіх.

Замежныя інвестары ахвотна будуюць жытло ў Ганконгу, але цэляцца на прэміум-сегмент. Гэта ў сваю чаргу штурхае рынак да росту цэн на любое жытло. Найбольш церпяць бедныя: з 2007 па 2015 год цэны на кватэры плошчай 100—160 м² падскочылі ў два разы, а на кватэры менш за 40 м² — у 3,5 раз. Разам з тым вырас і сярэдні прыбытак насельніцтва, але толькі на 42%.

У клетку па сваёй волі

Тыя, хто не мае грошай на ўласную кватэру, згодныя і на ўласную клетку, распавядае The Daily Mail. Мо і цесна, затое 130 даляраў на год. А не 1380 на месяц за мікраскапічную аднапакаёўку. Такое сабе можа дазволіць і просты пралетарый.

Тут і ніжэй фота: Brian Cassey

Жытло ў клетках пачало з’яўляцца ў Ганконгу на мяжы 50-х і 60-х. Падчас і пасля кітайскай грамадзянскай вайны многія кітайцы ўцеклі ў адносна мірны і эканамічна больш прывабны Ганконг, за 10 год насельніцтва падскочыла з 2 да 3 млн. Тады яны былі радыя і клеткам.

Мінула паўстагоддзя, а ў клетках, легальных ці нелегальных, усё яшчэ жывуць прынамсі 50 тысяч чалавек. Збольшага гэта мужчыны нізкай адукацыі, але не пагалоўна алкаголікі ці наркаманы.

Пра тое, што жывеш у клетцы, казаць не прынята. Можна жыць у клетцы і працаваць на нібы прэстыжнай працы — напрыклад, у банку. Калі супрацоўнікі раптам даведаюцца, дзе жывеш насамрэч, засмяюць. Нават тыя, хто сам таемна жыве ў такой клетцы.

Вядома, у Ганконгу можна ўстаць на чаргу па жытло. Але прастаяць у ёй можна да канца жыцця. Мясцовыя жартуюць, што прасцей выйграць кватэру у латарэю, ды ў тым жарце нямала праўды. У 2009 годзе ўрад праспансараваў латарэю па раздачы жытла: на 2160 кватэр прэтэндавалі 135 тысяч чалавек.

На самой справе, паказаныя на фота клеткі — экстрэмальны выпадак. Сучасныя дамы-клеткі больш нагадваюць купэ ў цягніках. Плошча тая ж.

Каўлунская крэпасць? Дайце дзве!

Шырока вядомай у апошнія годы стала «крэпасць» на паўвостраве Каўлун у Ганконгу, пра якую нядаўна распавядаў CNN. Адасобленыя кампактныя кварталы на плошчы 2,6 гектара мясцілі 30-50 тысяч чалавек. Гэта значыла шчыльнасць насельніцтва да 2 млн чалавек на км².

Тут і ніжэй фота з архіву CNN

Урад Ганконга знес Каўлунскую крэпасць у 1994 годзе, на яе месцы з’явіўся парк. Колішні кітайскі анклаў на тэрыторыі Ганконга застаўся толькі ў памяці, але не столькі як прыклад перанаселенасці.

З 50-х па 70-я «горад у горадзе» кантралявалі трыяды, у ім квітнела прастытуцыя, гандаль наркотыкамі, азартныя гульні. Затое можны меў свой дзясятак-другі квадратных метраў, а большасць кватэр выкарыстоўвалася адначасова як жытло і крама альбо майстэрня. Жыхары фармавалі стыхійныя камуны, дапамагалі адзін адному.

Ад такой «бруднай плямы на рэпутацыі» Ганконг паспяхова пазбавіўся, але праблема не вырашылася. Урад прапанаваў жыхарам крэпасці кампенсацыю — на 33 тысячы жыхароў падзялілі 350 млн даляраў ЗША. Калькулятар падказвае, чаму многія былі незадаволеныя высяленнем.

Сёння хіба не кожны ганконгскі палітык абяцае вырашыць праблему цэн на жытло, але вырашэнні не паспяваюць за ростам насельніцтва і цэн. Нямала сіл клянуцца прыкласці, каб зрабіць «дамы для камароў» накшталт High Place таннейшымі ў два разы. Але магчыма, многія былі бы радыя вярнуцца ў Каўлунскую крэпасць, а не спадзявацца на пакупку 16 м² за чвэрць мільёна амерыканскіх даляраў.

Аляксандр Арсёнаў