Жан-Поль Бельмандо ледзь пазбег сур'ёзнай аварыі

06.06.2015 / 17:52

Фота AP

Жан-Поль Бельмандо ледзь пазбег сур'ёзнай аварыі. Як паведамляюць сёння французскія СМІ, інцыдэнт адбыўся ў пятніцу ўвечары на поўдні Францыі.

Аўтамабіль, у якім акцёр разам з кіроўцам ехаў з Ніцы ў бок Экс-ан-Праванса, ледзь не сутыкнуўся з грузавой фурай. Падчас руху лопнула адно з колаў. Грузавы аўтамабіль, які рухаўся непасрэдна за машынай Бельмандо здолеў своечасова затармазіць. Аднак яшчэ адзін кіроўца, які быў ззаду, не бачыў аварыйнай сітуацыі і ў выніку «зачапіў» фуру.

У ДТЗ ніхто не пацярпеў. Пасля прыезду паліцыі і афармлення ДТЗ, у якім не было віны ні аднаго з бакоў, акцёр змог ехаць далей.

Некаторы час легенду сусветнага кінематографа ў знак павагі суправаджалі супрацоўнікі дарожнай жандармерыі.

Два месяцы таму, 9 красавіка, Бельмандо споўнілася 82 гады. Ён па-ранейшаму застаецца адным з самых любімых акцёраў ў Францыі. У 1970-я гады, у зеніце славы, акцёр зняўся ў мностве культавых карцін. Практычна ўсе трукі ў фільмах ён выконваў сам («Цудоўны», «Пачвара», «Прафесіянал»).

У 2001 годзе у акцёра быў інсульт. Але ў 2008 годзе «цудоўны Бебель», як яго ласкава называюць французы, зноў з'явіўся на экранах, спецыяльна для яго быў напісаны сцэнар фільма «Чалавек і яго сабака».

Фота AP