«Газпром» не падоўжыць кантракт на транзіт газу з Кіевам «ні пры якіх умовах»

09.06.2015 / 17:36

Топ-менеджэр расійскага газавага манапаліста пацвердзіў намер спыніць транзіт газу праз Украіну ў Еўропу пасля 2019 года.

«Пасля заканчэння транзітнага кантракту з Украінай ні падаўжэння, ні заключэння новага кантракта не будзе ні пры якіх абставінах», — сказаў намеснік старшыні праўлення «Газпрома» Аляксандр Мядзведзеў на прэс-канферэнцыі ў Маскве.

Кіраўнікі «Газпрома» і міністр энергетыкі Расіі Аляксандр Новак ўжо не раз заяўлялі пра цвёрды намер адмовіцца ад паслуг Украіны як транзіцёра расейскага газу ў Еўропу.

На думку Мядзведзева, Еўропа ў 2025 годзе можа сутыкнуцца з дэфіцытам па імпарце газу. Раней кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер заяўляў, што «Турэцкі паток» павінен зняць рызыкі транзіту газу ў ЕС праз Украіну.

У канцы красавіка Еўракамісія абвінаваціла расейскі газавы гігант ў перашкодзе свабоднай канкурэнцыі ў рэгіёне і завышэнні коштаў для сваіх ўсходнееўрапейскіх спажыўцоў, у прыватнасці Польшчы, Венгрыі і шасці іншых краін рэгіёну.