Удава кампазітара Паліводы зноў забараніла спяваць «Маладзечна»

Песня не гучыць ужывую ўжо два гады.

10.06.2015 / 19:51

Жывое выкананне песні на фестывалі ў Маладзечне ў 2011 годзе.

XV Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі ў Маладзечне мусіла адкрыць песня на верш Леаніда Пранчака і музыку Ігара Паліводы «Маладзечна». Але выконваць яе чарговы раз забараніла ўдава кампазітара Вольга Палівода, паведамляюць Naviny.by.

Як распавяла рэдактар канцэрта-адкрыцця Людміла Палкоўнікава, удава кампазітара выстаўляе выключна фінансавыя патрабаванні.

Паводле яе слоў, Палівода раней выстаўляла да тэлеканала СТВ, што вёў запіс канцэрту, «няўздымныя фінансавыя патрабаванні», а арганізатарам канцэрту прапаноўвала «аказаць спонсарскую прапанову ў выглядзе прадукцыі аднога з прадпрыемстваў горада».

Арганізатары пайшлі на максімальныя ўступкі Паліводзе, сцвярджае Палкоўнікава, але першая то дазваляла, то забараняла выкарыстанне песні. Апошняя адмова паступіла за гадзіну да канцэрту.

Палівода раней патрабавала «непамерную суму» з «Беларускіх песняроў» за выкананне песні «А ў полі бяроза», згадваюць Naviny.by. У выніку песня перастала гучаць на канцэртах ансамбля.