Пуцін рэкордна спазніўся на сустрэчу з Папам
Ён прыехаў на аўдыенцыю ў Ватыкан на гадзіну і дзесяць хвілін пазней дамоўленага часу.
11.06.2015 / 10:18
Пуцін спазняецца заўжды і скрозь — гэта ягоны фірмовы стыль. На ўнутрырасійскіх мерапрыемствах яго чакаюць, бывае, па тры, чатыры гадзіны. Вечна спазняецца ён і на міжнародныя сустрэчы.
Некаторыя эксперты кажуць, што такім чынам ён самасцвярджаецца і сцвярджае ролю Расіі. Маўляў, я галоўны, калі трэба, то можаце і пачакаць.
Учора Пуцін зрабіў чарговы красамоўны жэст. Ён прыехаў на аўдыенцыю да Папы на гадзіну і дзесяць хвілін пазней дамоўленага часу. Пры гэтым ён знайшоў час перакусіць у аэрапорце са сваім найлепшым італьянскім сябрам экс-прэм'ерам Сільвіа Берлусконі.
На сустрэчы Папа Францішак заклікаў кіраўніка Расіі трымацца мінскіх дамоўленасцяў, каб ва Украіне быў мір. Аўдыенцыя доўжылася 50 хвілін. Папа і прэзідэнт размаўлялі праз перакладчыка.
У цэлым візіт Пуціна ў Італіі прайшоў без сенсацый. Прэзідэнт Расіі паўтараў мантру пра страты італьянскага бізнэсу ад санкцый супраць Расіі, уведзеных у адказ на агрэсіі ва Украіне. Ён тасама спакушаў італьянскія энергетычныя кампаніі магчымасцю рэалізацыі нафтагазавых праектаў у Расіі і з Расіяй.
Італьянскі прэм'ер Матэа Рэнцы трымаўся лініі, узгодненай на саміце «Вялікай сямёркі» ў Баварыі, адзначае італьянская газета «Рэпубліка».