У Літве могуць увесці дадатковую плату за прагляд расійскіх тэлеканалаў

11.06.2015 / 10:56

У сувязі з уступленнем у сілу з 1 кастрычніка паправак да Закона аб інфармаванні грамадства, частка расійскіх праграм з-за парушэнняў закона можа паказвацца толькі за дадатковую плату, заявілі прадстаўнікі Літоўскай асацыяцыі кабельнага тэлебачання.

Усё будзе залежаць ад рашэнняў Літоўскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні (ЛКТРВ), бо папраўкі пашыраюць паўнамоцтвы камісіі, яны дазволяць не толькі забараняць трансляцыю, але і абавязаць рэтранслятараў выключаць хоць бы раз у год праграму-парушальніка з так званага базавага пакета паслуг.

«Гэта выключэнне з базавага пакета не азначае, што гэтая праграма знікае наогул, проста ўскладняецца доступ да яе. Але калі чалавек хоча бачыць нейкую праграму, ён плаціць дадаткова. Існуюць розныя формы», — патлумачыла на прэс-канферэнцыі прэзідэнт Літоўскай асацыяцыі кабельнага тэлебачання Вайва Жукене.