Дабро толькі здаецца безабаронным
«Вязьні сумленьня», рэж. Вольга Мікалайчык. Незалежны беларускі фільм, зьняты для тэлеканалу "Белсат": не без шурпатасьцяў, але бяз фальшу.
18.02.2008 / 22:18
Дакумэнтальна-публіцыстычная карціна «Вязьні сумленьня» здымалася некалькімі беларускімі рэжысэрамі на працягу апошніх двух гадоў. Прозьвішчы творцаў у стужцы не пазначаныя, што ў нашых умовах зусім ня дзіўна. Прадусарам і аўтарам 51-хвіліннай карціны выступіла рэжысэрка Вольга Мікалайчык.
Ніякіх закадравых камэнтароў, штучнага патасу; фільм амаль аскетычны — толькі сьведчаньні й любоў блізкіх — і архіўная хроніка. Апэратары карціны зьнялі рэдкія кадры беларускіх калёній — але ня гэта галоўнае.
Ірына Казуліна гатуе ежу для мужа, спатканьні зь якім дазволеныя толькі тры разы на год; бацька Зьмітра Дашкевіча дабраслаўляе выбар свайго сына, а Марыя Фінькевіч называе сябе «маці рэвалюцыянэра». Бацькі Севярынца апавядаюць пра сына — Паўла фільм засьпеў на лесапавале й па вызваленьні.
Словы юрыстаў і праваабаронцаў удакладняюць карціну, але найважней — асабісты позірк і словы блізкіх.
У асобных кадрах схоплены ня толькі і ня столькі час, палітычнае і асабістае сьведчаньне, але маральны выбар і тое, што стаіць за ім.
Мітусьліва-ваўчынымі жэстамі ціхары раскідаюць сьвечкі, запаленыя ў гонар зьняволеных і зьніклых — а твары свае хаваюць; у вачох міліцыянта, які арыштоўвае Клімава, — разгубленасьць і сорам. «Маладафронтаўцы» выглядаюць самотнымі, а міліцыя згуртаванаю і начышчанай. Але твары адных — прасьветленыя; твары другіх — ананімна-бляклыя. Са сваёй уласнай волі і паводле свайго выбару.
За калючым дротам — царкоўны крыж. Эмблематычны кадар.
Дабро толькі здаецца безабаронным. «Мне шкада гэтага чалавека, — кажа І. Казуліна пра Аляксандра Лукашэнку. — Ён глыбока няшчасны. А мы верым у сьветлае».
Фільм «Вязьні сумленьня» не без шурпатасьцяў. Але ў ім праўда, сэрца і чалавечая салідарнасьць. У канцы стужкі гледачоў заклікаюць пісаць лісты палітзьняволеным — і цяжка ўявіць, што хтосьці не адгукнецца.
Карціна зьнятая для каналу «Белсат» і, магчыма, будзе даступнай на дысках.