Лабавое пад Магілёвам: адзін чалавек загінуў, 8 шпіталізаваныя

22.06.2015 / 09:51

У выніку ДТЗ у Магілёўскім раёне загінуў адзін чалавек і 8 шпіталізаваны.

Інфармацыя аб здарэнні каля пасёлка Мірны паступіла 21 чэрвеня ў 18.55 у Цэнтральнае аператыўнае ўпраўленне Магілёўскага гарадскога аддзялення па надзвычайных сітуацыях, паведамляе 112.by.

Пасля прыбыцця да месца выкліку ўстаноўлена, што на аўтадарозе Магілёў — Гомель адбылося лабавое сутыкненне легкавых аўтамабіляў «Пежо-406» і «Фальксваген-Шаран».

У аўтамабілі «Пежо-406» ехалі 6 чалавек (4 дарослых і двое дзяцей: 1 год і 5 гадоў). У выніку ДТЗ у салоне аўтамабіля былі заблакаваныя чатыры дарослыя чалавекі. Работнікамі МНС з дапамогай гідраўлічнай аварыйна-выратавальнай прылады людзі былі дэблакаваныя. Адзін з пасажыраў загінуў на месцы ДТЗ.

Чатыры чалавекі (з іх 1 дзіця ва ўзросце 10 гадоў) ехалі ў «Фольксваген-Шаран». Яны пакінулі аўтамабіль самастойна.

У ДТЗ загінуў 1 чалавек, 8 чалавек (у тым ліку трое дзяцей) з траўмамі рознай ступені цяжкасці шпіталізаваны ў бальніцы абласнога цэнтра. У выніку ДТЗ аўтамабілі атрымалі механічныя пашкоджанні.

Абставіны ДТЗ усталёўваюць супрацоўнікі ДАІ Магілёўскага аблвыканкама.