Сыру і відовішчаў: у Мінску прайшоў Трэці Сырны фэст ФОТАРЭПАРТАЖ

23.06.2015 / 08:03

Надвор’е 20 чэрвеня, ў дзень Трэцяга Сырнага фестывалю ў Мінску стаяла пахмурнае. Папярэднія два мерапрыемствы такога кшталту былі азмрочаныя дажджом – чакалі яго і ў гэты раз. Але прырода злітавалася, а пад вечар увогуле выглянула сонейка — відаць, у знак салідарнасці з вялікімі сырнымі галовамі, якіх на пляцоўцы ў мінскім Батанічным садзе хапала.

Народу на мерапрыемства сабралося шмат. Перад уваходам у Батанічны сад за квіткамі стаялі салідныя чэргі. Нават тры працуючыя касы не ратавалі ад страты лішніяй паловы гадзіны ў спробе набыць квіток.

Шмат хто прыйшоў у жоўтым. Менавіта такой была задумка арганізатараў – перафарбаваць Батанічны сад у колер сыру.

Ужо на падыходзе да пляцоўкі, дзе знаходзілася сцэна і адбываліся асноўныя падзеі, хапала забавак. Напрыклад, усе жадаючыя маглі сваімі рукамі вырабіць сабе манету на шчасце. 

Вось такую.

Ці паўдзельнічаць у конкурсах на хуткасць ды моц з мэтай атрымання памятнага прызу.

Больш за ўсё на фестывалі падабалася дзецям – для іх актыўнасці было вельмі шмат магчымасцей. Ды яшчэ і ў такім прыгожым месцы!

А мы не адмаўляемся ад дэгустацыі – цікава ж паспрабаваць розныя віды сыроў на смак, а сябе ў ролі экспертаў! Дарэчы, па яе выніках былі вызначаны найлепшыя сыры ў сваёй катэгорыі.

Да таго ж і жанчыны ў гэтай палатцы вельмі мілыя:— А дзе пасля можна будзе фатаграфіі паглядзець?— У «Нашай Ніве».— О, «Наша Ніва»! Дык вы ж самае чытанае выданне, так? Будзем чакаць, поспехаў вам!

Адзін з самых багатых стэндаў у СААТ «Белавежскія сыры».

А побач з ім — цікавая інсталяцыя, якая пасля стане часткай вялікай колькасці сямейных фотаальбомаў — ужо надта гэтыя кароўкі падабаліся малым.

А старэйшае пакаленне не саромелася карыстацца атрыбутыкай «Сырнага фестывалю».

Галоўным партнёрам мерапрыемства быў Кобрынскі МСК. Апроч яго ў фестывалі прынялі ўдзел яшчэ 7 беларускіх вытворцаў сыру, прадставіўшы разам больш за 70 відаў сыроў.

Для дэгустацыі прапаноўвалася проста безліч сыроў — кожны завод хацеў прадэманстраваць сваю прадукцыю ў найлепшым святле. Асабліва з улікам факту, што манетызаваць цікавасць публікі можна было на месцы — тут жа побач быў разгорнуты гандаль, які ішоў даволі бойка — кошты ад вытворцаў часцяком былі ніжэйшымі за рознічныя.

Найвялікшым попытам карысталася прадукцыя з Пружан. У гэтай самай чарзе да палаткі нам давялося прастаяць добрых 20 хвілін, а то і болей. Але гэта было таго варта.

Роставыя лялькі ў выглядзе малочных прадуктаў — таксама папулярныя героі фатаграфій таго дня.

Мужык, апрануты ў тогу, чалавек у вышыванцы і побач персанаж у футболцы з Пуціным. Што тут адбываецца?

І вось вам для кантрасту прыгожых дзяўчатак з вяночкамі.

Некаторыя галовы сыру проста ляжалі…

…а некаторыя — хадзілі!

Гэты сырны шчупак проста купаўся ва ўвазе наведвальнікаў фэсту (не алі — фатаграфавалі). Думаеце, гэта прадукт Шчучынскага масласырзавода? Не ўгадалі! Навагрудскага!

Жывёлы тут былі не толькі дэкаратыўныя. Дзеткі маглі пагуляцца з маленькімі козачкамі ў кантактным міні-заапарку — такую канцэнтрацыю станоўчых эмоцый на квадратны метр не пабачыш нідзе.

Хапала забавак і для дарослага кантынгенту — людзі прымалі актыўны ўдзел у конкурсах і віктарынах, за што ўзнагароджваліся прызамі ад спонсараў фестывалю.

А на сцэне без перапынку адбываўся нейкі экшн. Конкурсы змяняліся музычнымі і танцавальнымі выступамі, а таксама майстар-класамі ў выкананні вядомых беларускіх кухараў. Вядома ж, усе стравы былі з сырам. Вось, напрыклад, Аляксандр Чыкілеўскі паказвае, як гатаваць папулярную закуску да піва – сырныя шарыкі.

Не такая гэта ўжо і складаная страва, як высветлілася. А на смак — бомба!

Не дзіва, што кухараў слухалі вельмі ўважліва і задавалі ім розныя пытанні. Гледачы з нецярпеннем чакалі, каб самім на смак ацаніць, што прыгатавалі знакамітыя беларускія кухары.

Але галоўнымі дэгустатарамі на Сырным фестывамі былі, як і належыць, не людзі. Пераможцу ў намінацыі «Кароль сыроў» вызначалі прызнаныя спецыялісты па сырных справах — пацукі.

Паводле меркавання экспертаў пераможцам быў абраны сыр «Пікавая дама» вытворчасці ўжо згаданага вышэй СААТ «Белавежскія сыры».

А кульмінацыяй фэсту сталі ўжо традыцыйныя «сырныя танцы», у якіх прымалі ўдзел усе, хто падтрымаў ідэю арганізатараў — прыйсці ў жоўтай вопратцы.

Тут як раз і сонца выглянула — далучылася да сырнай кампаніі, падсвяціўшы шматлікія ўсмешкі.

Карацей кажучы, трэці Сырны фестываль выйшаў сапраўды ўдалым! Спадзяемся на працяг.

Зміцер Міцкевіч, фота Юліі Бальцэвіч