Наталька Васілевіч. У тваіх руках

27.06.2015 / 14:11

Асцярожна, гештальт закрываецца,
Наш наступны прыпынак — канечны,
Твае вусны ўжо забываюцца,
Толькі вочы пад вейкамі вечныя.

Асцярожна, гештальт закрываецца,
Калі ласка, пакіньце вагоны,
Тваіх вуснаў мае не кранаюцца,
І таму у мяне — загоны.

Асцярожна, гештальт закрываецца,
Рву стоп-кран — а зрывае дах,
Мой крыштальны гештальт разбіваецца,
Мой кардонны шаблон разрываецца,
Успамінаецца ўсё, забываецца
У безнадзейных тваіх руках.