У Добрушы забаставалі кітайскія рабочыя, яны калонай дайшлі да Гомеля, збіраліся ісці на Мінск ФОТЫ

абнаўляецца

Яны патрабавалі выплаты запазычанасці па заробках.

02.07.2015 / 15:41

З ліпеня, пятніца, 19.20

Пасля забастоўкі і маршу, якім кітайскія будаўнікі 2 ліпеня прайшлі з Добруша ў Гомель, запазычанасць ім пагасілі ў поўным аб'ёме. Больш яны прэтэнзій не маюць, паведамілі карэспандэнту «Нашай Нівы» ўчорашнія забастоўшчыкі.

Запазычанасць па заробках за 3 месяцы складала ад 9 да 10 тыс. юаней, што па курсе НБ РБ эквівалентна 22,3—24,8 млн беларускіх рублёў, або ў сярэднім ад 7,4 да 8,3 млн за месяц.

2 ліпеня

Раніцай 2 ліпеня узбунтаваліся рабочыя з Кітая, занятыя на будаўніцтве кардоннага камбіната ў Добрушы (Гомельская вобласць). Калона рабочых у некалькі соцень чалавек прайшла 25 км з Добруша ў Гомель.

20:21

Пратэст кітайскіх работнікаў з Добруша згас. Прыкладна а 19.20 апошнія страйкоўцы селі ў аўтобус. Іх павезлі ў Добруш.

19.45

Старшыня канцэрна «Беллеспаперапрам» Юрый Назараў распавёў карэспандэнту TUT.BY, што большая частка кітайскіх будаўнікоў знаходзіцца на сваіх працоўных месцах. А з тых 200, што прыйшлі ў Гомель, завадатарамі з'яўляюцца чалавек 10. На думку чыноўніка, хутчэй за ўсё, яны будуць дэпартаваныя з нашай краіны.

18.15

Запал забастоўшчыкаў згас. Перадавая група з 70 кітайцаў застаецца каля ўніверсітэта. Да іх на аўтобусах прывезлі астатніх рабочых, што заставаліся каля кінатэатра. Цяпер іх зноў да 150 чалавек. Яны разам стаяць на вуліцы. Прыехала шмат міліцыянтаў. У двары загналі два аўтазакі. Пад'ехалі дыпламаты. Яны зноў пераконваюць рабочых адправіцца на аўтобусах у Добруш.

17.15

Перадавая група з 70 кітайцаў дайшла да ўніверсітэта імя Сухога і спынілася. Да іх зноў пад'ехалі дыпламаты, але размовы не атрымалася. 

17.04

Стала вядома, што на месца выехаў пасол КНР Цуй Цымін — гэты факт БелаПАН пацвердзілі ў пасольстве КНР.

16.20

Чалавек 70 рушыла ў бок Мінска. Іх суправаджае міліцыя. Яшчэ дзесьці столькі ж кітайцаў засталося каля прадстаўнікоў пасольства і працадаўцаў. Уранку з Добруша выйшла каля 300 рабочых. Да 16.00 агульная лічба пратэстоўцаў скарацілася ўдвая.

16.17

Забастоўшчыкі зноў селі ў халадку адпачываць. 20 чалавек з іх працягваюць перамовы з прадстаўніком дыпмісіі Кітая ў Мінску і прадстаўніком кітайскай «Карпарацыі «Сюань Юань». Падагналі два аўтобусы-гармонікі, каб на іх адвезці кітайцаў у Добруш. Але ніхто ў іх пакуль не сядае. Адны вядуць перамовы, іншыя заклікаюць падымацца і рушыць далей. Усё больш міліцыянтаў падагналі. Прыехалі дзве машыны з хлопцамі спартовага выгляду.

16.12

Дарэчы, ідуць кітайцы насамрэч у іншы ад Мінска бок. Іх нехта накіраваў не на поўнач, а на захад. Яны на Брэст кіруюцца, ці лішніх больш за 50 км пройдуць па аб'язной, піша ў фэйсбуку гомельскі журналіст Пятро Кузняцоў.

16.08

Тэлефоны прадстаўніцтва «Карпарацыі «Сюань Юань» у Мінску, генеральнага падрадчыка будоўлі ў Добрушы, не адказваюць.

15.50

Размова страйкоўцаў з кітайскім дыпламатам не ўдалася.

Ён прапаноўваў рабочых на машынах адвезці ў Добруш, дзе і вырашыць усе пытанні. Нехта застаўся з дыпламатам, але большасць паднялася і пайшла далей. Рухаюцца ў бок Мінска. 

15.48

Страйкоўцы-кітайцы прайшлі ўжо палову Гомеля. Дзяўчаткі на вуліцах купляюць для іх ваду ў краме: выглядаюць кітайцы зморанымі і слабымі.

15:47

«Мы не валодаем дакладнай інфармацыяй. Накіравалі туды прадстаўнікоў пасольства для вырашэння пытанняў. Падрабязнасці будзем агучваць пазней», — расказалі «Нашай Ніве» ў пасольстве Кітая ў Беларусі. Прадстаўнік дыпламатычнай службы адмовіўся ўдакладніць, з якімі патрабаваннямі выступілі кітайскія рабочыя.

15.15

Пад'ехала дыпламатычная машына. Вакол дыпламата згуртаваліся кітайцы. Будуць размаўляць. Дыпламат нешта кажа кітайцам, а яны абураюцца.

15.00

Рабочыя збіраюцца пешкі ў Мінск, паведамляе з Гомеля пазаштатны карэспандэнт «Нашай Нівы» Аляксандр Вялітчанка.

Вялітчанка сустрэў калону кітайцаў у Гомелі. «Яны ідуць па вуліцы Барыкіна, каля кінатэатра «Кастрычнік». Рухаюцца ў бок Мінска. Па-руску ніхто не гаворыць. Кажуць толькі «Мінск» і што «деньгі нет». Ідзе чалавек 100—150. Калону суправаджае міліцыя, людзі ў цывільным. Ежы ў іх няма — толькі пячэнькі і шмат вады. Усе мужчыны. Была ў іх прадстаўніца-дзяўчына, якая размаўляла з міліцыяй. Але пасля яна аддзялілася ад калоны. Ніякіх плакатаў у іх няма. Проста ідуць наперад і хочуць дайсці да Мінска. Але, мяркуючы па іх стане, да канца горада могуць не дайсці — стомленыя. На скрыжаванні літаральна 15 хвілін адпачылі, вады папілі і пайшлі».

Аляксандр кажа, што чыноўнікаў, якія б спрабавалі загаварыць з кітайцамі, не бачыў.

14.00

«Не ведаю, ходзяць тут са сцягамі. Я з раніцы ў Гомель ездзіў. Боўтаюцца па дарозе паміж Гомелем і Добрушам. Гэта не нашы работнікі — трэба звярнуцца да кіраўніцтва кампаніі «Сюань юань». Нібыта заробак не заплацілі», — паведаміў карэспандэнту «Нашай Нівы» намеснік старшыні Добрушскага райвыканкама Сяргей Пятроўскі.

На Добрушскай папяровай фабрыцы «Герой працы» пацвярджаюць, што кітайскія рабочыя пратэстуюць з-за праблем з выплатай заробкаў. 

Па іх словах, будаўнікам ужо тры месяцы не плацілі заробку.

12.30

Першым інфармацыю пра шэсце і здымкі апублікаваў у сваім ЖЖ блогер alarmout.

Калона ішла па трасе ў суправаджэнні супрацоўнікаў міліцыі і АМАПа і за некалькі гадзінаў дайшла да Гомеля.

Паводле нашай інфармацыі, будаўнікі адмовіліся размаўляць з прадстаўнікамі аблвыканкама і кіруючай кампаніі. Яны не жадаюць ні з кім размаўляць, акрамя пасла Кітая ў Беларусі. 

Пры гэтым з боку беларускіх будаўнікоў, якія таксама прымаюць удзел у будаўніцтве, не было прэтэнзій па аплаце працы.

Сёння на фабрыку з планавым візітам меў прыехаць віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка.

У 2012 годзе ўрад Беларусі запусціў тэхнічнае перааснашчэнне філіяла «Добрушская папяровая фабрыка «Герой працы» ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Беларускія шпалеры» з арганізацыяй вытворчасці мелаваных і немелаваных відаў кардона. Агульныя выдаткі па праекце — больш за 500 млн даляраў, з якіх амаль 350 млн у крэдыт на 13 гадоў выдзеліў Дзяржаўны банк развіцця Кітая. Заканчэнне будаўніцтва запланавана на вясну 2016-га. На будоўлі ў Добрушы працуе каля 900 кітайцаў.

АГ; АА; Сяргей Макарэвіч