«Партызанская вайна» пад Горадняй: хто адкажа за прабітыя ногі ды колы?
Невядомыя пачалі выстаўляць пасткі з цвікамі ў Румлёўскім лесе, а пацярпелыя пагаворваюць пра самасуд над адным з мясцовых жыхароў.
03.07.2015 / 10:58
Румлёва — лясны масіў з векавымі дубамі ды ліпамі на беразе Нёману, улюбёнае месца адпачынку, у тым ліку бегуноў ды раварыстаў. Рэльеф тут няроўны, уверх-уніз, дзясяткі сцяжынак ва ўсе бакі, пераважна неасфальтаваныя.
І ўсё б добра, каб апошнім часам прагулкі або паездкі праз лес не пачалі ператварацца ў прыгоды: то тут, то там трапляюцца пасткі з шыхтам вострых цвікоў, разлічаныя на пешаходаў ды раварыстаў…
«У нас 9 праколатых колаў падчас трэнавання і 3 на спаборніцтвах, — распавядае трэнер дзіцячай спартовай школы раварыст Яўген Камагораў, — я сам прабіў так красовак, добра, што нага не пашкоджаная. Чатыры пасткі мы знайшлі, адну я падараваў участковаму. А колькі яшчэ засталося?»
Трэнер Яўген Камагораў з пасткамі.
Са словаў раварыста падобныя «сюрпрызы» пачаліся з вясны гэтага году: раней нічога падобнага ён не прыгадвае, хоць Румлёва ўжо здаўна традыцыйнае места трэнінгу для ягоных вучняў.
Тры асобнікі спецыфічных «яжоў» сп. Яўген узяў з сабою, каб паказаць: цвікі заточаныя адмыслова і надзвычай востра, а мацаванні, якія «топяцца» ў зямлю, дзе-нідзе маюць дадатковыя гачкі — каб цяжэй было выцягнуць. Адна пастка ўжо іржавая, то бок пастаўленая досыць даўно, але большасць — свежыя і бліскучыя. На сцежцы ўздоўж Нёману яны былі прысыпаныя пяском альбо старой лістотай у якасці маскіроўкі.
В'етнамсія пасткі, якія магчыма натхнілі румлёўскіх партызанаў
Але каму спатрэбілася займацца ў лесе «паляваннем» на мінакоў у стылі партызанскай вайны ў В’етнаме? Камагораў упэўнены, што гэта ўладальнік крайняга дому, які знаходзіцца крыху на адлегласці ад бліжэйшай вёскі Солы, фактычна ў ярку каля Нёмана. Менавіта яму прыпісвалі раней «забарыкадаваныя» голлем сцежкі або абмазванне ветак салідолам у гэтых жа мясцінах, пра што ўжо пісалі СМІ. У каментарах тады пачалі нават з’яўляцца заклікі да самасуду над «шкодным дзедам»…
Гаспадар падворку Зміцер адмаўляе свой удзел у з’яўленні пастак, але, разам з тым, крытыкуе аматараў адпачынку ў Румлёва:
«Гэтыя мясціны не прызначаныя для выгулу сабак, і ездзіць на роварах тут не трэба: зверху ад Солаў адмыслова шлагбаум і знак «цэгла» стаіць. Дык чаго ездзіць? Ходзяць увесь час, а калі п’яныя — дык крычаць, лаяцца…»
Дзед Зміцер, некаторыя лічаць, што ён віноўнік падзей
Зміцер і яго жонка Казіміра прызнаюцца, што раней, калі горад быў далёка, усё было па-іншаму. Зараз жа спальныя кварталы падышлі зусім блізка. З падворкам, скажам, у абмен на кватэру, яны б даўно развіталіся: чуткі пра знос Солаў ходзяць з часоў Брэжнева, але ніяк не зносяць, таму даводзіцца выжываць.
Справай аб пастках зараз займаецца ўчастковы, а гарадзенцам даводзіцца больш уважліва ставіцца да шпацыраў над Нёмнам, якія могуць ператварыцца ў сапраўдную паласу перашкодаў.