Сухотнікі абяцаюць новую акцыю пратэсту

Пацыенты РТБ «Наваельня» (Дзятлаўскі раён) абяцаюць распачаць новую галадоўку і зьвярнуцца па дапамогу ў недзяржаўныя і замежныя арганізацыі. Начальнік управы арганізацыі мэдыцынскай дапамогі і дырэктар НДІ пульманалёгіі і фтызіятрыі: «У «Наваельні» усё нармальна, вінаватыя — група хворых, былых зьняволеных».

21.02.2008 / 18:27

Пацыенты Рэспубліканскай тубэркулёзнай бальніцы «Наваельня» (Дзятлаўскі раён, Гарадзеншчына) абяцаюць распачаць новую галадоўку і зьвярнуцца па дапамогу ў недзяржаўныя і замежныя арганізацыі. Начальнік управы арганізацыі мэдыцынскай дапамогі і дырэктар НДІ пульманалёгіі і фтызіятрыі: «У «Наваельні» усё нармальна, вінаватыя — група хворых, былых зьняволеных».

«Просім дапамогі ў прэсы, у вашай газэты, бо нам больш няма да каго зьвярнуцца — дзяржава ад нас адгарадзілася бэтонным плотам» — з такімі словамі чарговы раз у рэдакцыю зьвярнуліся пацыенты РТБ «Наваельня». Хворыя паведамілі, што ў хуткім часе гатовыя ізноў распачаць акцыю пратэсту: «Мы гатовыя перакрыць дарогу, каб на нас нарэшце зьвярнулі ўвагу. На дзяржаўныя структуры надзеі няма, будзем зьвяртацца ў недзяржаўныя ды замежныя». Паводле словаў пацыентаў, хворых ужо падтрымалі прадстаўнікі апазыцыйных партый і рухаў. Патрабаваньні ў хворых ранейшыя — стварыць магчымасьць для прагулак у лесе, даць магчымасьць купляць неабходнае ў краме, а таксама наладзіць нармальнае харчаваньне ў сталоўцы.

На афіцыйным сайце бальніцы паведамляецца, што «з улікам шматлікіх зваротаў насельніцтва г.п. Наваельня, Міністэрства аховы здароўя прыняло шэраг дадатковых мераў, накіраваных на выключэньне выхаду за тэрыторыю лекавай установы: цяпер скончана будаўніцтва прахадной, асноўнай часткі бэтоннай агароджы вакол тэрыторыі, адчынена аддзяленьне для прымусовага лячэньня на 30 ложкаў, праводзяцца мерапрыемствы па ўсталяваньні сыстэмы відэанагляду на ўсёй тэрыторыі бальніцы».

Галоўны ўрач РТБ Мечаслаў Доўгань ад камэнтароў адмовіўся: «У мяне на гэты конт распараджэньні зь міністэрства — з усімі пытаньнямі, зьвязанымі з падзеямі ў бальніцы, адсылаць да кіраўніцтва НДІ пульманалёгіі і фтызіятрыі».

Дырэктар НДІ Генадзь Гурэвіч адказаў, што пісаць у дадзеным выпадку няма пра што: «Адабралі ў некаторых зь іх магчымасьць піць гарэлку». Генадзь Львовіч запэўніў, што ўсё ў «Наваельні» нармальна, у чым ён сам неаднакроць пераканаўся.

«НН» зьвярнулася таксама па камэнтары ў Міністэрства аховы здароўя. Галоўны санітарны ўрач Беларусі Міхаіл Рымжа ад камэнтароў адмовіўся, спаслаўшыся на тое, што гэтае пытаньне не знаходзіцца ў яго кампэтэнцыі. Ён параіў зьвярнуцца да начальніка ўправы арганізацыі мэдыцынскай дапамогі Ігара Броўкі.

Ігар Уладзімеравіч распавёў наступнае: «Гэта не санаторная зона. У «Наваельні» знаходзяцца пацыенты з адкрытай формай захворваньня, таму, хоць бальніца і мае статус адкрытай установы, унутранымі правіламі выхад хворых за тэрыторыю забаронены». Па словах сп. Броўкі, бэтонная агароджа вакол бальніцы — гэта стандарт для падобных установаў. Ён адзначыў, што патрэбы ў арганізацыі асобнай тэрыторыі для прагулак хворых у лесе няма — корпус лякарні і так знаходзіцца ў сасновым бары. «Паветра там цудоўнае, а ўсе размовы пра выхад у лес — гэта спробы прарвацца ў пасёлак, а канкрэтна — у краму», — падкрэсьліў начальнік управы. Няма чаго скардзіцца і на харчаваньне — яно цалкам адэкватнае, адпавядае патрабаваньням і нормам, што неаднойчы пацьвердзілі выязныя праверкі, запэўніў Ігар Броўка. Паводле яго, хворыя забясьпечаныя ўсім неабходным. На словы пацыентаў пра аўталаўку, якая нібыта прывозіць на тэрыторыю бальніцы сьпіртное ён адказаў, што такое немагчыма — уезд на тэрыторыю толькі па пропуску, таксама дзейнічае пост міліцыі. На разьвітаньне Ігар Уладзімеравіч дадаў, што ўсе праблемы ў «Наваельні» здараюцца дзякуючы некалькім пацыентам, былым зьняволеным, які падбухторваюць астатніх.

Супрацоўніца мясцовага аддзяленьня «Беларусбанку» мяркуе, што па неабходнасьці наведвацца ў банк пацыенты бальніцы могуць і павінныя, роўна, як і ў астатнія афіцыйныя ўстановы, аднак яна супраць таго, каб хворыя зьбіраліся ў дварах жылых дамоў, побач зь дзіцячымі пляцоўкамі. Яна кажа, што і цяпер у пасёлку часта можна сустрэць нецьвярозых пацыентаў РТБ і падкрэсьлівае: «Гэта нікому не падабаецца, мы нават подпісы зьбіралі, каб такога больш не было».

Сямён Печанко