Пратэсты ў Ерэване выдыхліся
06.07.2015 / 12:53
Паліцыя затрымала 40 удзельнікаў пратэстаў на праспекце Баграмяна ў Ерэване.
Да пачатку разгону акцыі пратэсту паліцыя заклікала журналістаў пакінуць праезную частку праспекта Баграмяна.
Як толькі паліцэйскае ачапленне прасунулася наперад, удзельнікі акцыі селі. Паліцэйскія перарэзалі вяроўкі, якія працягнулі ўдзельнікі акцыі, каб перакрыць рух на праспекце, а таксама паспрабавалі забраць астатнюю вяроўку. Потым паліцэйскія пачалі падымаць удзельнікаў сядзячай акцыі. Колькасць паліцэйскіх істотна перавышала колькасць пратэстоўцаў, паведамляе armtoday.info.
Пратэсты ў Ерэване доўжыліся ад 19 чэрвеня. Людзі абурыліся ростам коштаў на электрычнасць на 16%. Спачатку акцыя была нешматлюднай, але раніцай 23 чэрвеня паліцыя вадамётамі разагнала ўдзельнікаў пратэстаў і колькасць дэманстрантаў вырасла ў разы.
Ерэванцы перакрылі цэнтральны праспект горада Баграмяна, дзе знаходзяцца ўрадывыя будынкі. Акцыя доўжылася амаль два тыдні. Яе ўдзельнікі неаднаразова падкрэслівалі, што пратэст мае выключна «электрычны» характар, без палітычнай падаплёкі.