Тролінг прызналі крымінальным злачынствам у Новай Зеландыі

Да 134 тысяч даляраў штрафу альбо да 3 год турмы.

10.07.2015 / 15:12

Парламент Новай Зеландыі прыняў закон «Пра шкодныя лічбавыя камунікацыі», нацэлены на процідзеянне здзекам у інтэрнэце. Закон набудзе сілу ў панядзелак, 13 ліпеня.

Паводле закона, запужванні, пагрозы і абразы ў сетцы сталі злачынствам, за якое можна лёгка пасадзіць у турму ці выпісаць значны штраф. Таксама прапісаная працэдура выдалення шкодных пастоў з сацсетак.

Разам з тым парламент прапісаў дзесяць прынцыпаў анлайн-зносін. Сярод іх: не раскрываць канфідэнцыйныя факты пра іншую асобу, не пагражаць і запалохваць, не абражаць пацярпелых, не рабіць хлуслівых сцверджанняў, не правакаваць да пераследу асобы, не заахвочваць да публікацыі інфармацыі з мэтай нанясення шкоды, не падбухторваць да самазабойства, не ачарняць індывіда праз яго колер скуры, веравызнанне, пол, сэксуальную арыентацыю ці інваліднасць.

Спецыяльнае агенцтва будзе сачыць за выкананнем закону і ацэньваць шкоду, што нанеслі анлайн-камунікацыі. Сацсеткі будуць атрымліваць просьбу аб выдаленні матэрыялу, якую будуць перадаваць аўтару гэтага матэрыялу. Калі ён не выдаліць матэрыял самастойна, сацсеткі мусяць выдаліць матэрыял праз 48 гадзін.

За анлайн-абразы і тролінг прадугледжаныя штрафы да 33,5 тысяч амерыканскіх даляраў у эквіваленце для фізічных асоб і да 134 тысяч для кампаній. У некаторых выпадках прадугледжваецца пазбаўленне волі на тэрмін да двух год ці нават да трох у выпадку суіцыду ахвяры. Але, як сцвярджае міністр юстыцыі Новай Зеландыі, парог для прыцягнення да крымінальнай адказнасці будзе даволі высокім.

Аляксандр Арсёнаў