Пазняк: Каб не фальсіфікацыі, я мусіў выходзіць у другі тур і перамагаць Лукашэнку
абмяркоўвайце!
10.07.2015 / 15:48
Зянон Пазняк тлумачыць, чаму на выбарах 1994 году павінен быў перамагчы лідар БНФ, якім чынам на іх вынік паўплывалі фальсіфікацыі і чаму Беларусі сёння патрэбная парламенцкая рэспубліка.
У чарговым інтэрвію з сэрыі «Кандыдаты прэзыдэнцкіх навук» — кандыдат на першых прэзыдэнцкіх выбарах у 1994 годзе Зянон Пазьняк. Тагачасны старшыня БНФ у першым туры галасаваньня, паводле афіцыйных дадзеных, набраў 12,8% галасоў, заняўшы трэцяе месца пасьля Аляксандра Лукашэнкі і Вячаслава Кебіча, якія выйшлі ў другі тур.
— Як вы цяпер ацэньваеце першыя ў Беларусі прэзыдэнцкія выбары 1994 году, у якіх вы бралі ўдзел? Ці можна іх назваць дэмакратычнымі і справядлівымі?
— Фармальна і на першы погляд выбары выглядалі дэмакратычнымі. Але па сутнасьці былі грубыя парушэньні з боку намэнклятурнай улады ў выбарчай кампаніі, у галасаваньні і падліку галасоў (фальсыфікацыі). Гэта паўплывала на вынік выбараў. Вынік мусіў быць іншым. Выбарчая кампанія і агітацыя была тады скарочана да дваццаці дзён. Гэта нам (Фронту) на шкоду.
У той час фронтаўскія назіральнікі былі практычна на ўсіх участках галасаваньня. Мы ведалі прыблізны вынік першага туру галасаваньня. На першым месцы Лукашэнка, на другім Пазьняк (прыблізна 22–23 адсоткі), на трэцім Шушкевіч, на чацьвертым Кебіч. Потым у выніку падтасоўкі на другім месцы зрабілі Кебіча. Тэхналёгія фальсыфікацыяў раскрылася пазьней. Такім чынам, рэальна гэтыя выбары не былі дэмакратычнымі. Але ў тых абставінах цяжка гэта было даказаць, калі дзейнічаў урадава-кагэбісцкі тандэм, які кантраляваў усе структуры ўлады, а час выбарчай кампаніі быў мінімальны.
Лукашысты і розная «шушара», якая тады тайна і яўна выступала супраць Фронту, увесь час на розныя лады паўтараюць, што выбары тады «былі дэмакратычныя» (іхны лямант зразумелы). Не былі тыя выбары дэмакратычнымі. Беларусаў пад звон і галас маніпуляцыйнай прапаганды спрытна і нахабна аблапошылі. Ды так, што некаторыя і па сёньня таго не разумеюць.
— Ці мог вынік тых выбараў быць іншым? Ці быў у вас асабіста шанец перамагчы?
— Вынік выбараў павінен быў быць іншым. Выхад старшыні Фронту ў другі тур галасаваньня пакідаў мала шансаў Лукашэнку, які ня меў моцнай каманды і праграмы ўлады і ўсю кампанію будаваў на крытыцы Кебіча і ягонага ўраду.
Адсутнасьць Кебіча ў суперніках зводзіла ўсю прапаганду і выбарчую кампанію Лукашэнкі на нуль. Яму не было б пра што гаварыць супраць старшыні БНФ, бо аб’ект крытыкі ў нас быў агульны, а пазытыўнай праграмы Лукашэнка ня меў. Але, акрамя ўсяго, у мяне была магутная фронтаўская Праграма ўлады і разьвіцьця Беларусі па ўсіх кірунках і гатовы Ценевы ўрад, складзены з эліты беларускай нацыі.
У гэтай сытуацыі Лукашэнку быў бы канец. Мы б яго распляскалі, і зь ім сталася б гістэрыка (я яго ведаю). Значная частка электарату Лукашэнкі «пасыпалася» б. Мне гэты электарат знаёмы. Да так званага «антыкарупцыйнага» дакладу гэта быў мой электарат, падрыхтаваны Фронтам.
Але тое якраз добра разумелі і тандэм (Кебіч і Лукашэнка), і Масква, і КГБ, і Лубянка. Таму Кебіча з чацьвертага месца паднялі на другое, а мяне з другога апусьцілі на трэцяе. Сытуацыя была тады такая (заканадаўства ня дзейнічала), што выбіць гэты фальсыфікат можна было б толькі з апорай на шырокі пратэстны рух. Мусілі б быць масавыя пратэстныя выступы. Але рэвалюцыйных абставінаў не існавала. Грамадзтва было расколатае, і бальшыня была ўчадзеўшы ад папулізму, але кантралявалася ўладай і яе органамі.
Гэтай маніпуляцыяй (з вынікамі першага туру) гульня ўлады, як кажуць, «была зроблена». Антыфронтаўскі тандэм застаўся адзін сам з сабой.
Тыя выбары адбываліся на фоне палітычнай нявопытнасьці грамадзтва. Уся кампанія тандэма Кебіч-Лукашэнка (паўтаруся) цалкам кантралявалася Лубянкай і КГБ. На агітацыю і дзеяньні супраць БНФ былі кінутыя цэлыя аддзелы агентуры, шырока ўжываліся тэхналёгіі распаўсюджваньня чутак і нават подкупу дэмакратычнага асяродзьдзя (выступ папа Радамысьльскага).
Уся машына спэцслужбаў і намэнклятурнай улады працавала супраць кандыдата БНФ. Пра гэта і пра сумесную ў гэтым працу з Лукашэнкам супраць кандыдата Фронту напісаў потым у сваіх успамінах Вячаслаў Кебіч (прэм’ер-міністар ураду і старшы афіцэр КГБ). Кебіч ва ўспамінах падкрэсьліў, дарэчы, што галоўная задача яго і Лукашэнкі была ў тым, каб не дапусьціць да ўлады БНФ. Гэта ім удалося зрабіць, і ва ўспамінах Кебіч адзначыў, што яшчэ невядома, чый уклад у тую антыфронтаўскую справу, яго ці Лукашэнкі, быў «весомее».
Тут нават дэталі былі цікавыя. Напрыклад, падстава і ўвод вялікага друга Камітэту Дзяржбясьпекі Шушкевіча ў выбарчую кампанію — па прапанове іншага статыста гэтай справы Міколы Статкевіча. Па задуме, Шушкевіч павінен быў забраць у кандыдата Фронту частку галасоў. Частку галасоў ён сапраўды забраў, але задума правалілася, і ўладзе Кебіча спатрэбілася фальсыфікацыя, каб выключыць мяне з другога туру галасаваньня.
Быў яшчэ адзін момант у той п’янай кебічаўскай улады і гэбоўскага тандэма (пра гэта я даведаўся ня ў Менску). У выпадку маёй перамогі на выбарах павінна была адбыцца ліквідацыя асобы. (На гэта яны здольныя ўсе.) Я ведаў пра тое (і адносіўся да зьвестак сур’ёзна), і таму пасьля маёй перамогі на выбарах гэтыя паны не пасьпелі б нікуды ўцячы і нават рыпнуцца. Ліквідацыя не ўдалася б. Хай лічаць, што ім усім пашанцавала двойчы.
— Падчас той кампаніі вы паспрабавалі падкарэктаваць свой імідж як лідэра БНФ, які быў сфармаваны ў многіх беларусаў дзякуючы намаганьням афіцыйнай прэсы. Ці было гэта неабходна? Ці дапусьціла ваша каманда якія-небудзь стратэгічныя памылкі падчас прэзыдэнцкай кампаніі?
— Стратэгічных памылак не было. Дый не магло быць у той сытуацыі, якая была вызначаная і нескладаная: з аднаго боку БНФ, зь іншага — тандэм Кебіч-Лукашэнка і ўсе астатнія, плюс расколатае дэзынфармаванае грамадзтва пад кантролем улады і спэцслужбаў.
Што датычыць зьмены іміджу, то шкоды ў гэтым не было. Але думаю што клопат быў абсалютна не патрэбны.
Камуністы стварылі мне імідж жорсткага, непрымірымага палітыка, які ня йдзе на кампрамісы, не ўсьміхаецца, будзе камуністаў «расстрэльваць» і «вешаць». Мая каманда прапанавала мне паказаць вобраз бліжэй да рэальнасьці — простага, адкрытага, актыўнага ў жыцьцёвым асяродзьдзі чалавека, у шапачцы-кепачцы, усьміхаецца з кабетамі і г. д. У прынцыпе — гэта ўсё маё, але цяпер бы я трымаўся вобразу, які стварылі мне камуністы. Жыцьцё пацьвердзіла, што ў нашай палітыцы гэта добры вобраз. Пры мне розныя савецкія зьнішчальнікі Беларусі, беларускай мовы, беларускай школы, гэтакія камуністы-калякіны ў дэмакратах ня гойсалі б і не хадзілі б. Я ведаю іхнюю «дэмакратыю». Хай яны таксама лічаць, што ім пашанцавала. Зрэшты, яшчэ шмат што наперадзе.
— Ці варта дэмакратычным і апазыцыйным сілам удзельнічаць у прэзыдэнцкай выбарчай кампаніі 2015 году?
— Дэмакратычныя і апазыцыйныя сілы (у першую чаргу гэта наша народная партыя КХП-БНФ) у рэжымных выбарчых спэктаклях ня ўдзельнічаюць. Тое, што нельга ўдзельнічаць у выбарах там, дзе выбараў няма, гэта ўжо нават маскоўцы (А. Пянткоўскі) зразумелі пасьля пятнаццаці гадоў нашых тлумачэньняў.
Тым часам у імітацыі выбараў, якія праводзіць уладная мафія, заўсёды будуць удзельнічаць падстаўныя асобы і падстаўныя структуры пад выглядам «дэмакратаў» і «апазыцыі». Гэта агентурна аплочаная публіка — пра крытыку-палітыку ды дурацкія ідэі тут толькі гавораць. Грошы канчаюцца — і Папандопулы разьбягаюцца. Пры наяўнасьці такой апэрэтачнай «супрацьвагі» — сатрап спакойны. ЦВК тым часам усур’ёз разглядае чарговае пытаньне: рэгістраваць ці не рэгістраваць кандыдатам на прэзыдэнта штатнага менскага паўвар’ята, які ўявіў сябе «графам» (добра яшчэ, што не «Напалеонам Банапартам»).
— Калі ўдзельнічаць у выбарах ня трэба, то які варыянт грамадзянскага чыну варта цяпер праводзіць?
— Варыянт паралельнага грамадзтва і альтэрнатыўнай сілы. Абавязковыя элемэнты: байкот усіх рэжымных ініцыятываў і практыкаў улады. Не хадзіць на мерапрыемствы ўлады, не рабіць дзеля яе, ня слухаць, ня ўдзельнічаць, не пытаць, не прасіць, не баяцца. Абавязковыя дзеяньні: нацыянальна-культурная і інфармацыйная асьвета, салідарнасьць людзей, дапамога сваім, узаемадапамога.
Гэта ёсьць мэтад падрыхтоўкі грамадзтва да пераменаў ва ўмовах акупацыйнага рэжыму і беззаконьня.
Памятайма, што мы ліцьвіны-беларусы — спадкаемцы Вялікага Княства Літоўскага і вялікай культуры, якой вечна пагражае з усходу маскоўская Арда. Памятайма, што мы фарпост Эўропы перад Ардой.
Для нацыянальнага адраджэньня і пераменаў неабходнае асяродзьдзе пераменаў. Трэба ствараць такое асяродзьдзе. Тут павінна быць мэтадычная, ахвярная, пастаянная праца патрыётаў і грамадзкіх энтузіястаў. Мэтодыка і зьмест — вядомыя.
Гэткай справай ня будуць займацца падстаўныя людзі і структуры, грантасмокі і ўся каляпалітычная псэўдаапазыцыйная шантрапа. Яны ўдзельнічаюць у тых праектах (напрыклад, імітацыя выбараў), якія аплочаныя рэжымам альбо левалібэральным замежжам і ў інтарэсах гэтага рэжыму альбо замежжа.
— У якой форме могуць адбыцца зьмены ў Беларусі? Калі цяперашні рэжым немагчыма зьмяніць шляхам выбараў, то якім шляхам?
— Формы могуць быць любыя, вядомыя ў нашай гісторыі і ў нашай барацьбе. Рэжыму не абавязкова пра гэта ведаць.
— Ці патрэбная Беларусі моцная прэзыдэнцкая ўлада, альбо лепш мець парлямэнцкую рэспубліку?
— Лепш парлямэнцкую рэспубліку з абавязкова (і ў гэтых абставінах — прынцыпова) вялікім парлямэнтам (330–340 дэпутатаў і больш), выбраным паводле мажарытарна-прапарцыйнага прынцыпу. Выканаўчая ўлада — у прэм’ер-міністра, які прызначаецца парлямэнтам.
Прэзыдэнт напачатку можа выбірацца ў парлямэнце. Ён галава дзяржавы з абмежаванымі паўнамоцтвамі. У пэрспэктыве (пасьля стабілізацыі) прэзыдэнт можа выбірацца народам і атрымаць дадатковыя функцыі.
Адначасна мусіць адбыцца рэформа судовай сыстэмы, пераасэнсавана функцыя пракуратуры, органаў кантролю і сьледзтва.
Тры галіны ўлады павінны быць згарманізаваныя так, каб дзяржава, абапертая на закон і законапаслухмяных грамадзян, аўтаматычна функцыянавала і аўтаматычна разьвівалася, незалежна ад суб’ектыўных чыньнікаў улады. Так павінна быць, і ў будучыні так будзе.