Казулін пагражае сухой галадоўкай «да сьмерці»

Аляксандар Казулін паведаміў, што яму прапанавалі, у абмен за вызваленьне, падпісаць абавязацельствы, якія ён лічыць непрымальнымі. Ён патрабуе выпусьціць яго на разьвітаньне з жонкай.

23.02.2008 / 23:53

Як паведаміў брат Аляксандра Казуліна, Уладзімер Казулін, ён меў тэлефонную гутарку з палітвязьнем. Аляксандар Казулін паведаміў, што яму прапанавалі, у абмен за кароткатэрміновае выхваленьне, падпісаць абавязацельствы, якія ён лічыць непрымальнымі. Калі яго не выпусьцяць, з аўторка А. Казулін гатовы абвесьціць бестэрміновую сухую галадоўку.

На сайце Аляксандра Казуліна зьявілася яго заява. "Я абвяшчаю сухую галадоўку. У выпадку, калі мяне цягам двух дзён ня выпусьцяць, з 26 лютага я абвяшчаю сухую галадоўку, і тады праз 6-7 дзён нас з маёй жонкай пахаваюць разам. Лукашэнка забіў маю жонку, ён забойца. Сьмерць маёй жонкі на яго сумленьні. Я заяўляю, што пахаваньня жонкі ня будзе да той пары, пакуль мяне ня выпусьцяць.

Я зьвяртаюся да паслоў Эўропы і ЗША з патрабаваньнямі тэрмінова абвясьціць жорсткія санкцыі асабіста супраць Лукашэнкі і асноўных прадпрыемстваў Беларусі.

Аляксандар Казулін,

ВК-3 Віцебскай вобл."

"Калі Аляксандар так сказаў, ён не адступіцца", -- пракамэнтаваў заяву палітвязьня Ўладзімер Казулін.