Японія забараніла дзіцячае порна, але не ўсё
15.07.2015 / 17:22
У сераду, 15 ліпеня ў Японіі набылі сілу змены ў закон, што тычыцца захоўвання і распаўсюду парнаграфіі, паведамляе The Japan Times.
Цяпер у Японіі нелегальна не толькі здымаць і распаўсюджваць, але і захоўваць дзіцячае порна. Праўда, закон тычыцца толькі фота і відэа, але не анімацыі і камп’ютарнай графікі.
За захоўванне дзіцячага порна прадугледжаныя штрафы да 8 тысяч даляраў.
Порнакоміксы і парнаграфічныя мультфільмы з удзелам дзяцей, папулярны ў Японіі паджанр хентая (порнамультфільмаў), застаюцца легальнымі. Юрысты хваляваліся аб магчымых злоўжываннях іх забаронай.
Колькасць спраў, звязаных са стварэннем і распаўсюдам дзіцячага порна, удвая вырасла з 2009 да 2014 года — за 2014 год было заведзена амаль дзве тысячы спраў.
Японія заставалася апошняй з краін «вялікай сямёркі», у якой было дазволена захоўваць дзіцячае порна. За гэта краіна крытыкавалася іншымі ўдзельнікамі сямёркі. Калі разглядаць былую «вялікую васьмёрку», то Японія не апошняя — захоўванне дзіцячага порна не караецца ў Расіі.
У Беларусі, як і ў Расіі, захоўванне порна не ёсць злачынствам. Выраб і распаўсюд, а таксама «захоўванне з мэтай распаўсюду» (закон не ўдакладняе, чым гэта адрозніваецца ад захоўвання) караюцца па законе, злачынцам пагражае да 13 год пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці. Міністэрства ўнутраных спраў прапаноўвала ўвесці адказнасць і за калекцыянаванне.