Місія МВФ можа вярнуцца ў Мінск пры ўмове прагрэсу ў перамовах з уладамі

15.07.2015 / 19:01

Сёлета можа адбыцца чарговая місія Міжнароднага валютнага фонду ў Мінск пры ўмове прагрэсу ў перамовах з беларускімі ўладамі па новай крэдытнай праграме. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе МВФ, што распаўсюджаны па выніках працы ў Мінску з 8 па 15 ліпеня групы экспертаў фонду. 

«Эксперты МВФ і ўлады Рэспублікі Беларусь дамовіліся прадоўжыць дыялог па ключавых істотных і тэхнічных пытаннях, якія неабходна дапрацаваць для таго, каб забяспечыць падрыхтоўку праграмы», — гаворыцца ў прэс-рэлізе МВФ. 

Пры ўмове, сказана ў паведамленні, «што ў гэтай працы будзе дасягнуты дастатковы прагрэс, візіт місіі для правядзення афіцыйных перамоў па праграме можа быць запланаваны пазней у гэтым годзе». 

Мэтай цяперашняга візіту місіі, гаворыцца ў паведамленні фонду, «стала абмеркаванне палітыкі ўлад Рэспублікі Беларусь і планаў рэформ, а таксама вывучэнне магчымасці рэалізацыі праграмы МВФ у іх падтрымку». 

У прэс-рэлізе фонд удакладняе, што група экспертаў правяла канструктыўныя перамовы з уладамі Беларусі «аб дасягнутым прагрэсе ў рэалізацыі палітыкі і планаванні па важнейшых кірунках, у тым ліку і ў сферы структурных рэформ». 

Паводле інфармацыі БелаПАН, падчас гэтай місіі эксперты МВФ хацелі зразумець, ці гатовыя беларускія ўлады праводзіць рэформы, акрэсленыя ў межах «дарожнай карты», якія афіцыйны Мінск прадставіў на разгляд фонду ў другім квартале 2015 года. 

«Дарожная карта», якую беларускія ўлады падрыхтавалі сумесна з Сусветным банкам, прадугледжвае рэфармаванне сістэмы размеркавання фінансавых рэсурсаў у Беларусі, рэфармаванне сектара дзяржпрадпрыемстваў, стварэнне сістэмы адраснай сацыяльнай падтрымкі з мэтай адаптацыі насельніцтва да структурных рэформ. 

Паводле звестак БелаПАН, МВФ падрыхтаваў шэраг заўваг да дарожнай карты, якую беларускія ўлады прадставілі крэдытору. У прыватнасці, фонд мяркуе, што ўсе ключавыя рэформы, якія расцягнуты ў «дарожнай карце» на 3—5 гадоў, павінны быць праведзены ў больш кароткія тэрміны (на працягу 6—18 месяцаў). 

Таксама фонд хацеў бы разумець дакладную мэту рэфармавання эканомікі, якую ставяць беларускія ўлады. Апрача таго, фонд хацеў бы бачыць яшчэ да пачатку новай крэдытнай праграмы з Беларуссю «смелыя крокі», якія пацвярджаюць глыбокую прыхільнасць беларускіх улад да незваротных зменаў у эканоміцы.