Беспілотнік упершыню стартаваў і вярнуўся на борт падлодкі

25.07.2015 / 14:43

На гэтым тыдні вайсковы флот ЗША распавёў пра сваю новую зброю — беспілотнік, які можна запускаць з-пад вады, з падводных лодак, піша dailymail.co.uk.

Пад канец выпрабаванняў дрон вярнуўся да ўдарнай падлодкі і быў зноў заладаваны на яе борт.

Атамная падлодка «Паўночная Дакота», якая праводзіла выпрабаванні падводнага беспілотніка

«Навукоўцы палічылі, што мы можам гэта зрабіць. І мы выйшлі і зрабілі гэта», — сказаў камандзір карабля капітан Дуглас Гордан пасля вяртання на базу.

Запуск быў ажыццёўлены са спецыяльнага сховішча на верхняй палубе субмарыны, якое таксама можа выкарыстоўвацца для выхаду з-пад вады спецназаўцаў і вадалазаў.

Плануецца выкарыстоўваць беспілотнікі з розным начыннем для марской разведкі і нават для барацьбы з варожымі падлодкамі.

Таксама беспілотнікі эканомяць рэсурсы, грошы і час для класічных караблей, якія могуць праз іх кантраляваць большы раён акіяна.

Аляксандр Гелагаеў