Святлана Алексіевіч пасля вяртання з Расіі: Дай бог, каб мы ацалелі ў гэтым рускім нацыяналізме
27.07.2015 / 15:14
На выхадных на расійскім сайце «Свабодная прэса» з’явіўся паклёпніцкі артыкул «Колькі каштуе нянавісць да Расіі» з нападкамі на беларускую пісьменніцу Святлану Алексіевіч. Аўтар – нехта «Уладзімір Бандарэнка» – абвінавачвае Алексіевіч у нянавісці да Расіі, рускага народа, праваслаўнай царквы.
Мы патэлефанавалі пісьменніцы, каб спытацца, што стаіць за гэтай публікацыяй, а таксама пагаварыць крыху аб сённяшняй Расіі.
«Наша Ніва»: Святлана Аляксандраўна, ці чыталі вы артыкул у «Свабоднай прэсе»?
Святлана Алексіевіч: Так, мне даслалі спасылку. Ведаеце, я толькі сёння вярнулася з Волагды, там шведы здымаюць фільм пра мяне, мы ездзілі ў чароўныя храмы… Але тая цемра, якую паднялі з чалавечых душаў — гэта было вельмі цяжкое ўражанне. Таму для мяне гэтая публікацыя як працяг паездкі ў Расію — тое самае. Нават неахвота пра гэта гаварыць.
«НН»: Мабыць, вы звярнулі ўвагу, што шэф-рэдактарам «Свабоднай прэсы» з’яўляецца Захар Прылепін?
СА: Мы ж усе ведаем, ува што пераўтварыўся Прылепін. Гэта такі сучасны Дзям’ян Бедны — прыдворны барзапісец. Усім зразумела, хто ён такі.
«НН»: Не ўзнікала праблем падчас сустрэч у Расіі?
СА: Ведаеце, поўная зала людзей. Трэба было бачыць, як засланых казачкоў публіка прымушала замаўчаць. Але шведам не далі здымаць, а ФСБ здымала.
Прыходзім, камера стаіць, пытаемся, што за яна. Туды-сюды, стала вядома з якой гэта арганізацыі. А шведам не далі, бо я такая нядобранадзейная, яшчэ скажу што не тое.
Людзі там баяцца размаўляць па тэлефоне, але кажуць «крымнаш», «крымнаш», «Данецк — руская зямля». Увесь набор стэрэатыпаў.
У нас у Беларусі сваіх шмат праблем, але, калі прыязджаеш з Расіі, то разумееш, што не ўсё так страшна. Людзі ў нас неяк свабадней выказваюцца, такія рэчы не гавораць.
«НН»: Нават ФСБшнікаў на вас накіроўвалі?
СА: Ну так, пару такіх хлопцаў працавалі, але з імі [публіка] хутка разабралася. І яны замаўчалі. Рабілі сваю працу, але моўчкі.
«НН»: У матэрыяле вас абвінавачваюць, што вы «заігрываеце з колішнім недругам Лукашэнкам, спрабуючы нацкаваць яго на Расію».
СА: Дурасць якая. Нібыта Лукашэнку можна на некага нацкаваць і ён гэта слухае. Ой, ну што за дурасці.
Мы маем справу з рускім нацыяналізмам, які вельмі небяспечны. Мне вельмі шкада, што ён паражае і таленавітых людзей, як той жа Прылепін.
Таленавітыя людзі, але невядома, куды іх завядзе нацыяналізм, чым гэта ўсё скончыцца. Нават страшнавата размаўляць з людзьмі. Паўтараюць толькі і «крымнаш», і «данбаснаш», і Адэсу несправядліва падарылі. І гэта вельмі розныя людзі. 86% прыхільнікаў Пуціна — гэта рэальная лічба. Бо многія рускія людзі проста замаўчалі. Яны напалоханыя, як і мы, тыя, хто знаходзіцца вакол гэтай аграмаднай Расіі.
«НН»: Як вы лічыце, чаму яны цяпер вырашылі цкаваць вас?
СА: Набліжаецца рашэнне Нобелеўскага камітэта. Ім не хацелася б, каб чалавек з маленькай Беларусі перамог. Мне хтосьці з маладых рускіх нацыяналістаў казаў, што варта зайсці на сайт Алексіевіч, пабачыць, што ў яе больш 150 выданняў па ўсім свеце, каб пачаць яе ненавідзець, а разам з ёй усю гэтую маленькую Беларусь. Мне тлумачылі, што Беларусь — гэта ніякая не Беларусь, а Украіна — таксама не дзяржава, і моў беларускай і ўкраінскай няма.
Яны не могуць уплываць на прыняцце рашэнняў Нобелеўскім камітэтам, але падымаюць усю гэтую цемру. Увогуле ж, цёмнага шмат у народзе, і падняць гэтую цемру вельмі проста.
«НН»: Якія ўвогуле ўражанні пакінула ў вас паездка ў Расію?
СА:
Руская зямля ўражвае. Мы жылі нашай групай у манастыры ў Кірылаве. Гэта такія старажытныя сцены! Гэта проста неймаверна, як у такой дзікай прасторы такое магло быць пабудавана. Гэта робіць каласальнае ўражанне — кантраст паміж гэтай сілай духу і тым, калі чалавек пачынае гаварыць. Гэты кантраст мяне проста збіваў з ног. Ферапонтава — аграмадны манастырскі комплекс на беразе возера — гэта неймаверна. І едзеш, як гэтыя комплексы ідуць адзін за адным. І разам з тым страшна пагаварыць з чалавекам. Бог і Пуцін — абсалютна забароненыя тэмы. Калі раней гучала «Слава КПСС», то цяпер гэтыя праваслаўныя лозунгі… Я вярнулася са складаным адчуваннем. Пасля развалу імперыі, мабыць, нацыяналізм — гэта перыяд, які нацыя абавязкова мусіць прайсці. І дай бог, каб мы ацалелі ў гэтым рускім нацыяналізме.
«НН»: Могуць там сказаць «Беларусьнаша»?
СА: Там толькі так і мысляць. Нават з простым чалавекам пачынаеш размаўляць, ён табе кажа: «Ну, Святлана, ну перастаньце, хіба ёсць украінская мова? А пра беларускую вы ўвогуле маўчыце. Ну якая гэта дзяржава? Вам проста выдзелілі надзел зямлі». Ой, вельмі цяжка. І гэта не значыць, што такое кажуць рабочыя. Кажуць і інтэлектуалы. Усе гэтыя Прылепіны, Шаргуновы. Так што дастаткова пачытаць гэтую «Свабодную прэсу», я троху пагартала, каб зразумець, як гэта жахліва. Ведаеце, як кажуць, што за шэрымі часамі прыходзяць чорныя. Як уявіш, хто выглядвае з-за плячэй гэтага Пуціна, то становіцца страшна.