58% расейцаў не супраць адключэння інтэрнэту
3.08.2015 / 13:14
А 49% — за цэнзуру ў інтэрнэце, сцвярджае ВЦІОМ.
Выява: Jonathan Kitchen via nydailynews.com
Паводле апытання дзяржаўнага Усерасійскага цэнтру вывучэння грамадскага меркавання (рус. ВЦІОМ), большасць расейцаў гатовыя падтрымаць адключэнне інтэрнэту, піша РБК.
48% расейцаў, калі верыць ВЦІОМ, падтрымліваюць адключэнне інтэрнэту ў выпадку нацыянальнай небяспекі, яшчэ 9% — у выпадку масавых мітынгаў, яшчэ 1% — у астатніх выпадках.
Тым не меней, астатнія 42% лічаць, што для адключэння інтэрнэту ўрадам не можа быць ніякіх падстаў.
Амаль палова расейцаў, 49% выказаліся за цэнзуру ў інтэрнэце. У якасці цэнзара большасць бачыць спецслужбы ці ўрад. 59% за фільтрацыю матэрыялаў, абароненых аўтарскім правам (то значыць, супраць пірацтва), 45% за фільтрацыю замежных СМІ, 38% за рэгуляванне іншых замежных сайтаў. Сярод прапанаваных відаў сайтаў, што варта фільтраваць, самым папулярным (59%) стаў «порнасайт з гомасэксуальным кантэнтам», за ім «арганізацыя антыўрадавых пратэстаў у сацсетках» (46%) і «відэа гурту Pussy Riot» (45%).
Супраць сайтаў і суполак, што заклікаюць да пратэстаў, выказаліся 81% апытаных, супраць сайтаў з «негатыўнай інфармацыяй пра чыноўнікаў» — 79%, «…пра дзяржслужбоўцаў» — 73%.
42% расейцаў вераць, што іншыя дзяржавы выкарыстоўваюць інтэрнэт супраць Расіі, 24% бачаць у гэтым пагрозу стабільнасці, але 56 і 53% адпаведна не бачаць у інтэрнэце пагрозы «сацыяльным скрэпам» і сямейным каштоўнасцям.
Паводле інфармацыі ВЦІОМ, пастаяннымі карыстальнікамі інтэрнэту ў Расіі ёсць 42% апытаных, яшчэ 20% выкарыстоўваюць інтэрнэт час ад часу. Не карыстаюцца інтэрнэтам 20%.
***
ВЦІОМ — найстарэйшая расійская арганізацыя па сацыялагічных даследаваннях праз грамадскія апытанні. 100% акцый кампаніі належаць Крамлю. Арганізацыю часам крытыкуюць за «вынікі, патрэбныя Крамлю».