Сяргей Калякін: «Плошча-2010 была глупствам і спрацавала на карысць Лукашэнкі»
07.08.2015 / 15:41
«Наша Ніва» працягваецца цікавіцца ў патэнцыйных кандыдатаў, навошта яны ідуць на сёлетнія прэзідэнцкія выбары. У гэты раз на пытанні адказваў Сяргей Калякін, лідар беларускай партыі левых «Справядлівы свет».
«НН»: Вы не пайшлі ў кандыдаты на мінулых выбарах, але ідзеце зараз. Чаму?
Сяргей Калякін: Напэўна, ў 2010 годзе мы памыліліся. Трэба было ўдзельнічаць. Атрымалася, што мы страцілі 5 гадоў, згубілі шмат магчымасцей для ўплыву, для працы з людзьмі.
«НН»: То бок, каб вы засвяціліся б у 2010…
СК: Так, гэта была б раскрутка. Я магу сказаць, што дзякуючы свайму ўдзелу ў той кампаніі БХД раскруцілася фактычна з нуля. Ды і ўвогуле, не ўдзельнічаць у выбарах для партыі небяспечна, асабліва ў нашых умовах.
«НН»: Дык што, у гэтым годзе вы ўдзельнічаеце ў кампаніі проста дзеля таго, каб пра вас даведалася як мага больш народу?
СК: Мы паставілі сабе некалькі задач. Калі людзі нас падтрымаюць, і мы зможам праз збор подпісаў даказаць, што мы патрэбныя народу – будзем працаваць на перамогу. Калі гэтага не адбудзецца – будзем вырашаць пытанне вядомасці нашай партыі, што мы можам прапанаваць, абмяркоўваць альтэрнатыўныя шляхі развіцця. Да таго ж мы хочам не дапусціць легітымізацыі выбараў, калі не будзе свабодных выбараў.
«НН»: Працаваць на перамогу? Вы ўсур’ёз верыце, што зможаце перамагчы?
СК: У гэтай кампаніі, хутчэй за ўсё, не. Але ж адна справа, калі мы збяром сто тысяч подпісаў, а лепш – пяцьсот, і будзе зразумела, што за намі людзі. Калі ж не збяром сто тысяч – ясна будзе, што мы не перамаглі.
«НН»: І як ідуць справы па зборы? Сто тысяч будзе?
Цяпер у нас прыкладна тысяч 40, засталося яшчэ два тыдні. Пакуль па тэмпах не паспяваем.
«НН»: Калі не збераце, але Лукашэнка прапануе зарэгістраваць усіх ахвотных і без подпісаў, як было ў 2010?
СК: Мы не пойдзем на такое. Не збяром — значыць людзям нашы прапановы не патрэбныя.
«НН»: Чаму тады вы не падтрымалі ідэю з адзіным кандыдатам? Някляеў прапаноўваў Мілінкевіча, можа, варта ўсё ж было паспрабаваць яшчэ раз?
СК: Адзіны кандыдат не адлюстроўвае інтарэсаў усіх, гэта заўсёды кампраміс розных палітычных поглядаў. У 2006 я працаваў у штабе Мілінкевіча, і мы згубілі шмат галасоў, бо невыразна фармулявалі свае пазіцыі. А людзям не трэба ўмоўная «сярэдзіна». Таму некалькі альтэрнатыўных кандыдатаў – гэта лепш. Напрыклад, падчас сумленных выбараў тры незалежныя кандыдаты могуць набраць тыя ж 55%, а ў другім туры дамовіцца, каб пакінуць аднаго. Такая стратэгія можа спрацаваць.
Па Някляеву ў мяне ўвогуле цяжкія пытанні. Ён нікога не заклікаў здымацца, пакуль сам мог удзельнічаць. Як толькі ён перастаў быць патэнцыйным кандыдатам, то ўсё, пачаў заклікаць да байкоту. А я лічу, што байкот нам нічога не дае, гэта падтрымка лукашэнкаўскай гульні. Да таго ж у нас забаронена прапагандаваць байкот.
Потым байкот замаскіравалі пад падтрымку Статкевіча, бо ўсе ж ведалі, што яго не зарэгіструюць. Дык чаму яны адразу не сказалі: «Нас Статкевіч не цікавіць, мы яго выкарыстоўваем, каб аб’явіць байкот». Але ж казалі інакш, што праз гэта вызваляць Статкевіча. Не вызвалілі.
«НН»: Лябедзька казаў, што гэты выбарчы час трэба выкарыстоўваць, бо ўлада спрабуе «прадаць» выбары Захаду і не чапае апазіцыю. Але ж ці не лічыце вы, што ў такой сітуацыі ўдзел у выбарах – гульня на баку ўлады? Апазіцыя не столькі выкарыстоўвае гэты перыяд, колькі якраз і дапамагае ўладзе ў тым «продажы»?
СК: Не, ад таго ўдзельнічаем мы, ці не, прызнанне Захадам не залежыць. Наадварот, удзел альтэрнатыўных кандыдатаў штурхае ўладу да фальсіфікацый. Я ўпэўнены, што калі будзе альтэрнатыўны кандыдат і будзе сапраўдны падлік, Лукашэнка не набярэ больш за 50%. То бок абавязкова будзе другі тур. Але ж нармальнага падліку галасоў не будзе. Адпаведна, не будзе прызнання выбараў.
Варта адзначыць, што калі ў нас і далей не будзе нармальных выбараў, то ўлада будзе мяняцца праз вайну, праз бунт. Чалавецтва пакуль не прыдумала іншых шляхаў да пераменаў: ці выбары, ці рэвалюцыя. І мы супраць крыві, мы за сумленныя выбары.
«НН»: Не думаеце, што падзеі ва Украіне якраз і далі Лукашэнку вялікі крэдыт даверу? І людзі будуць галасаваць за яго проста «каб тут не было як там», нават на сумленных выбарах?
СК: Няма такога! Я сустракаюся з людзьмі, і Украіна — не топ-тэма. Галоўная тэма — няма заробкаў, няма працы, немагчыма нармальна жыць.
«НН»: А пасля выбараў што будзеце рабіць?
СК: На Плошчу я нікога клікаць не буду, гэта глупства. Дарэчы, ў 2010 гэта таксама было глупствам і спрацавала на карысць Лукашэнкі. Бо звычайных людзей збілі, і потым яны і самі не лезуць у палітыку, і дзецям сваім забараняюць. Увогуле, весці бяззбройных людзей на захоп улады — злачынства.
«НН»: Дык іх жа не вялі на захоп улады.
СК: Вялі, вялі.
«НН»: І што тады рабіць? Мірны пратэст, як кажуць іншыя кандыдаты?
СК: Каб быў мірны пратэст, дык яго трэба арганізаваць. А калі пратэст будзе нямірным, дык кіраваць ім немагчыма будзе. Але калі падзеі пойдуць, скажам так, не надта цывілізаваным шляхам, я прыму ўдзел і не на баку ўлады. Але сам арганізоўваць правакацыі і падстаўляць людзей не хачу.