Да 89°: як выглядае распалены Мінск праз цеплавізар ФОТА

12.08.2015 / 16:57

Гэты жнівень б'е ўсе рэкорды: паветра на вуліцы кожны дзень награваецца да 30—35 градусаў.

42.TUT.BY узброіўся цеплавізарам і вырашыў паглядзець на нагрэты Мінск у інфрачырвоным выпраменьванні, а заадно вызначыць тэмпературу будынкаў, дарог і грамадскага транспарту.

Разам з прыборам выходзім у цэнтр Мінска. На гадзінніку — а палове на трэцюю, тэмпература паветра +32°, на небе — ні аблачыны. У часовае карыстанне нам дастаўся цеплавізар FLIR i7 ад пастаўшчыка «Прыборгандаль». Гэты інструмент дае карцінку невялікага памеру, фіксуе інфрачырвонае выпраменьванне ад прадметаў і вызначае іх тэмпературу, адзначаючы самую гарачую або самую халодную кропку.

Перш за ўсё «цэлім» цеплавізарам у галоўных ахвяр спякоты — машыны на паркоўцы. Цеплавізар паказвае значэнні больш за +60°, асабліва грэюцца цёмныя машыны. Рэкардсмен — чорная іншамарка, якая, відавочна, доўга стаяла на вуліцы: на рашотцы радыятара ў яе +89°, а сама машына звонку — амаль +70°.

Лічбавы цеплавізар паказвае тэмпературу самай гарачай кропкі ў кадры. Унізе дадзена шкала астатніх тэмператур: чым больш градусаў — тым ярчэй колер.

Правяраем і тратуарную плітку. На вуліцы Камсамольскай тэмпература залежыць ад колеру камянёў: цёмныя нагрэтыя да +48,4 °, светлыя — менш, хоць таксама за +40°. На праспекце Незалежнасці тратуар яшчэ гарачэйшы — прыбор паказвае +49,5°.

Нягледзячы на спякоту, на Камсамольскай дзе-нідзе людзі адпачываюць на лаўках. Праўда, занятыя толькі тыя лаўкі, якія знаходзяцца ў цяньку. Правяраем: лава, якая стаіць на сонцы, разагрэта да +64,6°, такая ж у цяньку паказвае «толькі» +38,7°.

Аўтамабільная траса праспекта Незалежнасці распалілася да +40°. У іншым пункце, дзе дарогу палілі вадой, цеплавізар вызначае тэмпературу +30,8°.

На кадры з цеплавізарам самымі гарачымі аказаліся машыны, 61,7° — гэта іх тэмпература. Наколькі распалілася дарога, відаць па каляровай шкале ўнізе кадра.

Парэнчы ў падземным пераходзе наверсе — больш за +40°, унізе — +27,5°.

Дрэвам зусім несалодка — на участках без травы зямля награваецца да +50°.

Заходзім у кафэтэрый універсама «Цэнтральны». Унутры працуе кандыцыянер (праўда, чамусьці толькі адзін з трох). Сам кандыцыянер астуджае паветра да проста фантастычных +8,9°, але ўнутры тэмпература сцен і стала-стойкі ўсё роўна трымаецца ў раёне +30°.

З цікаўнасці купляем марозіва. Адразу пасля адкрыцця ўпакоўкі прыбор ацэньвае яго тэмпературу ў -10,5 градусаў! Праўда, праз хвіліну пасля выхаду на вуліцу эскімо ўжо «нагрэлася» да -4,4°.

Праходзіць яшчэ пара хвілін, становіцца ясна, што ў марозіва шанцаў на выжыванне мала: цеплавізар паказвае ўжо -2,1, а само эскімо пачынае актыўна «цячы».

У фантане побач з Кастрычніцкай плошчай ў ярка-зялёнай вадзе перабірае нагамі дзяўчынка гадоў васьмі. У самой дзяўчынкі тэмпература нармальная, а вось вада абяцае +23°.

Здымаем маленькія дэталі вакол: голуб чамусьці аказваецца нагрэтым да +53°, вечка каналізацыйнага люка — да + 52°, а кабінка прыбіральні паказвае +65°.

Побач праходзіць аўтобус — яго тэмпература звонку +52,3°, а шын — больш за +55°.

Заходзім ўнутр, адрозненняў няшмат: максімум — тыя ж +50°, самы распалены элемент — дах. Сценкі і парэнчы, мяркуючы па шкале, +40°.

Увогуле-то на прыбор можна «сфатаграфаваць» усё што заўгодна — людзей, будынкі, тратуарную плітку.

З «прагулкі» становіцца ясна: прадметы на вуліцы ў сонечны дзень грэюцца нашмат мацней за паветра.

Напрыканцы робім сумесны партрэт на цеплавізар.

За гадзіну прагулкі без галаўных убораў макушкі ў нас прыкметна нагрэліся: у светлавалосага фатографа тэмпература склала каля +40°, у журналісткі, уладальніцы цёмных валасоў, — вышэй за +45°.