Статкевічу дазволілі патэлефанаваць жонцы

12.08.2015 / 22:55

Экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, палітзняволены Мікалай Статкевіч, якому 12 жніўня спаўняецца 59 гадоў, патэлефанаваў сёння сваёй жонцы Марыне Адамовіч. 

Як паведаміла Адамовіч, ён, у прыватнасці, пракаментаваў заяву Аляксандра Лукашэнкі пра магчымасць яго датэрміновага вызвалення. 

4 жніўня падчас інтэрв'ю «Еўрарадыё», «Радыё Свабода» і парталу tut.by Лукашэнка заявіў, што пытанне пра Статкевіча можа быць вырашана найбліжэйшым часам. «Я не стану хітраваць, гэта пытанне на парадку дня. Вырашыць гэта магу толькі я. Але я не вызначаўся, калі гэта будзе. Я гэта пытанне ў такім ключы не разглядаў. Калі яго выпускаць, то выпускаць да выбараў. Калі не выпускаць, то не выпускаць. Найбліжэйшым часам вы будзеце пра гэта ведаць», — сказаў кіраўнік дзяржавы. 

«Мікалай сказаў, што гэта падобна на аб'яву ў газеце «Из рук в руки». Паводле яго меркавання, гэта заява — чарговая спроба вытаргаваць нейкія бонусы і крэдыты», — сказала жонка зняволенага палітыка. 

Статкевіч таксама паведаміў, што да яго не даходзяць віншавальныя пасланні. «На сёння ёсць віншавальны ліст ад амерыканскага пасольства і тры тэлеграмы. Хутчэй за ўсё, віншаванні проста затрымліваюць. Ад тых людзей, якія мне асабіста паведамлялі, што адправілі лісты ў турму, я ведаю, што іх павінна быць значна больш», — адзначыла Марына Адамовіч. 

Статкевіч сказаў, што ведае пра кампанію салідарнасці, запушчаную ў сацсетках да дня яго нараджэння — сёння ў «Фэйсбуку» карыстальнікі размяшчаюць для зняволенага палітыка фатаграфіі неба, якое ён не бачыць у турэмнай камеры. 

Гэта ўжо пяты дзень нараджэння, які Мікалай Статкевіч адзначае за кратамі. У маі 2011 года суд Ленінскага раёна Мінска прыгаварыў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі, прызнаўшы вінаватым у арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 года. 

Статкевічу двойчы рабілі больш жорсткім рэжым адбывання пакарання за парушэнне правілаў унутранага распарадку і невыкананне патрабаванняў кіраўніцтва калоніі. Першы раз ён быў пераведзены на тры гады са шклоўскай калоніі № 17 у магілёўскую турму ў студзені 2012 года. У студзені 2015-га палітыка вярнулі ў шклоўскую калонію, а ў маі — зноў адправілі ў магілёўскую турму. Там Статкевіч павінен знаходзіцца да канца тэрміну пакарання, які мінае ў снежні 2016 года. 

Міжнародныя арганізацыі прызналі яго палітычным зняволеным. 

Сёлета прадстаўнікі шэрагу апазіцыйных структур сфарміравалі ініцыятыўную групу па вылучэнні Статкевіча кандыдатам у прэзідэнты Беларусі, аднак ЦВК яе не зарэгістраваў, матываваўшы сваю адмову судзімасцю палітыка. 

Статкевічу неаднаразова прапаноўвалі напісаць просьбу аб памілаванні на імя Аляксандра Лукашэнкі, аднак асуджаны палітык катэгарычна адмаўляецца гэта рабіць.