У Расіі Дзярждума падтрымала абавязковае ВІЧ-тэставанне перад вяселлем

Аб гэтым паведамляе расійскае агенцтва Інтэрфакс са спасылкай на думскі камітэт па ахове здароўя, дзе заявілі, што ўхваляюць прапанову кіраўніка Расспажыўнагляду Ганны Паповай праводзіць абавязковае тэставанне на ВІЧ перад уступленнем у шлюб.

13.08.2015 / 16:06

Раней галоўны санітарны ўрач Расіі Ганна Папова выступіла з падобнай прапановай на Усерасійскім моладзевым адукацыйным форуме «Тэрыторыя сэнсаў на Клязьме». Таксама яна лічыць неабходным правядзенне генетычных абследаванняў і тэстаў на гепатыт для пар, якія хочуць завесці дзіцяці.

Добра, што паспелі, а то і гэтым «маладым» прыйшлося б здаваць аналізы.

У Федэральным навукова-метадычным цэнтры па прафілактыцы і барацьбе са СНІДам гэтыя прапановы таксама падтрымліваюць, аднак лічаць, што тэставанне на ВІЧ павінна быць не абавязковым, а добраахвотным, «усвядомленым крокам». У прыватнасці, эксперты звяртаюць увагу на тое, што пры правядзенні тэстаў перад шлюбам невядома, каму менавіта варта паведамляць іх вынікі. Таксама пакуль не прапрацавана пытанне таго, што будзе адбывацца далей з жаніхом або нявестай, у якіх выявяць інфекцыю.

Паводле дадзеных Расспажыўнагляду, зараз ВІЧ-інфіцыраванымі з'яўляюцца 0,5% насельніцтва Расіі. Усяго за перыяд з 1986 па 2014 вірус выявілі больш чым у 900 тысяч чалавек. Найбольшая колькасць носьбітаў інфекцыі выяўлена ў Іркуцкай, Самарскай, Свярдлоўскай і Кемераўскай абласцях. За гэты час 184.000 заражаных памерлі.

Interfax.ru, nn.by