За графіці «Беларусь мае быць беларускай» затрыманыя тры чалавекі, ім можа пагражаць да 6 гадоў зняволення
13.08.2015 / 17:12
11 жніўня пасля 16.00 у Мінску людзі ў чорнай форме з аўтаматамі і шлемамі ўварваліся ў тры розныя кватэры. Маладых жыхароў паклалі тварам у падлогу. У адной з кватэраў хлопцы праляжалі на падлозе каля гадзіны, да іх ужывалі электрашокеры. Потым ва ўсіх трох кватэрах прайшлі ператрусы ў межах крымінальных справаў, пра якія маладым людзям паведамілі значна пазней.
Ператрусы праходзілі с парушэннямі: некалькі следчых адначасова пераварочвалі ўсё ў розных пакоях так, што за імі немагчыма было сачыць. У выніку ў маладых людзей вынялі «небяспечныя» прадметы: кнігі, балоны з фарбай, усе накопленыя грошы…
Ператрусы прайшлі ў тым ліку і ў бацькоў маладых людзей у Мінску і ў Смаргоні. У Смаргоні вынялі кніжку Ігара Аліневіча «Еду в Магадан». Былі сканфіскаваныя ўсе камп'ютары.
Пасля ператрусаў было затрымана пяць чалавек, якіх абвінавацілі ў наступных злачынствах: беларускамоўных графіці ў Мінску яшчэ ў маі і жніўні 2015 г., а таксама расфарбоўцы сацыяльнага білборда ў чэрвені 2015 года.
Падазраваным Вячаславу Касінераву, Максіму Пекарскаму, В. (імя прасіў не называць), Яраславу Ульяненкаву і грамадзяніну Расіі Паўлу прад’явілі ўдзел у наступных эпізодах:
1) графіці з надпісам «Беларусь мае быць беларускай», што было кваліфікавана, як «наўмысныя дзеянні, якія суправаджаліся пашкоджаннем чужой маёмасці, нявысветленымі асобамі, якія груба парушылі грамадскі парадак і выразілі відавочную непавагу да грамадства». Заведзена крымінальная за «хуліганства, здзейсненае групай асобаў»;
2) графіці на былой вайсковай частцы з надпісам «Рэвалюцыя свядомасці, яна ўжо ідзе…» — таксама «хуліганства, здзейсненнае групай асобаў».
3) запэцканы фарбай сацыяльны банер з выявай супрацоўнікаў міліцыі па вул.Гарэцкага ў Мінску — «апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці».
Двух хлопцаў адпусцілі пад падпіску аб нявыездзе — Ульяненкава Яраслава і Паўла. Максіма Пекарскага і В. да гэтага часу трымаюць ў ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ), а Вячаслава Касінерава знайшлі ў шпіталі з падвоеным пераломам сківіцы і пад канвоем. Хлопцы не даюць паказанняў, таму ім пагражаюць, што возьмуць пад варту да суду.
Як распавёў ПЦ «Вясна» Яраслаў Ульяненкаў, у той вечар ён вярнуўся дамоў з працы і праз некаторы час да яго ў кватэру, зламаўшы дзверы, уварваліся людзі з аўтаматамі.
«Мяне павалілі на падлогу, закавалі ў кайданкі і пачалі біць нагамі па целе, па галаве, пагражалі. Потым цягалі па ўсёй кватэры, зацягнулі ў пакой, прымусілі стаць тварам да сцяны. Білі па нагах, каб ногі стаялі максімальна далёка адна ад адной, працягвалі здзекавацца і збіваць. Пасля гэтага «маскі-шоу» пачалі сыходзіць, а ў кватэру ўвайшлі супрацоўнікі аператыўнай службы і пачалі ператрус», — кажа хлопец.
На дадзены момант усе хлапцы маюць статус падазраваных. У выпадку надання ім статуса абвінавачаных за беларускамоўныя надпісы на сценах ім пагражае да 6 гадоў зняволення.