НАТО праводзіць найбуйнейшыя з часоў халоднай вайны ваенна-паветраныя вучэнні ў Еўропе

19.08.2015 / 09:56

У Еўропе праходзяць найбуйнейшыя з часоў халоднай вайны ваенна-паветраныя вучэнні ЗША і еўрапейскіх саюзнікаў. Чатырохтыднёвыя вучэнні пачаліся яшчэ 15 жніўня, у іх бяруць удзел каля 5000 салдат з 11 краін НАТО. Пра гэта ў аўторак, 18 жніўня, заявіла амерыканскае камандаванне на ваеннай базе ў баварскім Графенверы, паведамляе агенцтва AFP. Ключавы момант вучэнняў надыдзе 26 жніўня ў Германіі і Балгарыі. Тады пройдзе высадка паветранага дэсанту ў раёне амерыканскай ваеннай базы Хоенфельс у ФРГ.

Акрамя ЗША ў манеўрах саюзніцкіх ваенна-паветраных сіл ўдзельнічаюць Германія, Балгарыя, Італія, Францыя, Грэцыя, Нідэрланды, Польшча, Партугалія, Іспанія і Вялікабрытанія. Паводле інфармацыі амерыканскіх ваенных, мэтай вучэнняў з'яўляецца дэманстрацыя магчымасцяў сіл НАТА да правядзення «хуткіх аперацый на карысць моцнай і бяспечнай Еўропы». Пры гэтым ЗША не звязваюць баявую падрыхтоўку лётчыкаў і дэсанту з канфліктам ва Украіне.

Нагадаем, эксперты арганізацыі European Leadership Network падрыхтавалі справаздачу пад назвай «Рыхтуючыся да горшага: робяць ваенныя вучэнні Расіі і НАТО больш верагоднай вайну ў Еўропе?». Яны прыйшлі да высновы, што Расія і Альянс «на падсвядомым узроўні абдумваюць сцэнары вайны». Аднак у НАТО такое меркаванне абверглі і запэўнілі, што вучэнні маюць на мэце павысіць узровень бяспекі ў Еўропе на фоне расійскай агрэсіі.