Упершыню жанчыны прайшлі курс рэйнджараў арміі ЗША

19.08.2015 / 10:49

Жанчыны чарговы раз паказалі, што здольныя не саступіць «моцнаму полу» ва ўсім, і пачалі новую старонку вайсковай гісторыі, паспяхова скончыўшы адзін з самых цяжкіх курсаў баявой падрыхтоўкі — курс падрыхтоўкі рэйнджараў арміі ЗША, пішуць СМІ.

Фота Ройтэрз.

Капітан Крыстэн Грыст і першы лейтэнант Шая Гэвер - першыя жанчыны, якія прайшлі курс рэйнджараў.

Кваліфікацыйны знак рэйнджара — знак найвышэйшай фізічнай здольнасці, наяўнасці парашутнай, горнай, разведвальнай, дыверсійнай і штурмавой падрыхтоўкі. Такі знак - гонар любога амэрыканскага вайскоўца.

У красавіку гэтага года ў школу рэйнджараў пасля цяжкага адборачнага конкурсу ўпершыню трапілі 19 жанчын, 2 з якіх змаглі прайсці ўсе выпрабаванні 62-дзённага курсу. Разам з імі біўся за права атрымаць знак элітных частак амерыканскай пяхоты 381 мужчына, з якіх 94 скончылі курс.

Два гады таму Пентагон, выпрацоўваючы агульныя для мужчын і жанчын стандарты фізічнай і баявой падрыхтоўкі, пачаў адкрываць для апошніх тысячы новых пасадаў, найперш звязаных з непасрэдным удзелам у баявых дзеяннях. Гэта было выклікана як палітычнымі матывамі - змаганнем феміністычных арганізацый, гэтак і разуменнем таго, што жанчыны могуць быць моцным рэзэрвам і крыніцай талентаў для арміі. Да таго ж удзел у баях з'яўляецца важным фактарам для паспяховай вайсковай кар'еры.

Такім ж фактарам з'яўляецца і наяўнасць кваліфікацыі рэйнджара - каля 90% найвышэйшага афіцэрскага складу сухапутных сіл ЗША маюць адпаведны знак. Прыкладна 12% амерыканскіх войск у Іраку і Афганістане былі жанчынамі. З агульных стратаў на іх прыходзіцца 2%.

Аляксандр Гелагаеў