Бацька Статкевіча: Дык кагэбіст працягвае руку і кажа: «Віншую»
Гэтая гутарка з татам Статкевіча была апублікаваная ў НН у 2014. Перадрукоўваем яе сёння, калі 88-гадовы бацька нарэшце пабачыць свайго сына.
23.08.2015 / 12:38
Бацька Міколы Статкевіча, Віктар Паўлавіч, жыве ў Баранавічах, у мікраёне Паўночны. Побач — ЦЭЦ, новы касцёл, лядовы палац.
Вуліцу Жукава адшукалі адразу, а вось патрэбны дом — ніяк. Вось Жукава, 12 корпус 1, корпус 2, корпус 3. А вось дома 12а нават мясцовыя не ведаюць. На дапамогу прыйшоў журналіст газеты Intex-press Алесь Гізун. Савецкая панэлька, насупраць рабочыя кладуць асфальт, кватэра Статкевіча-старэйшага на другім паверсе.
Дзверы ўжо адчыненыя насцеж, нас чакаюць. Заходзім унутр, і Віктар Паўлавіч крэпка паціскае руку. У вачах радасць, што пра яго не забываюцца, прыязджаюць. «Яму вельмі важная ўвага», — узгадваю словы Марыны Адамовіч, сказаныя перад паездкай.
Віктару Статкевічу 87 гадоў.
Гады, канечне, даюць пра сябе знаць: «Памяці ў мяне ўжо ніякай няма», — усміхаецца ён. І ўвогуле, усе ягоныя аповеды суправаджаюцца ўсмешкай. Толькі аднойчы голас па-здрадніцку зрываецца на слёзы: «Мне часам здаецца, што я так тут і памру адзін, не дачакаўшы Міколы з турмы». Але праз імгненне ён супакойваецца.
У зале — стары сервант з фотамі сыноў Мікалая і Аляксандра, унучкі Кацярыны і праўнука Ліянэля. Зверху сямейны герб Статкевічаў, вінтажны тэлевізар, галінкі вярбы. А таксама мноства кніг. Найперш па гісторыі: у свой час Віктар Паўлавіч сачыў за ўсімі кніжнымі навінкамі ў гэтым кірунку.
Па адукацыі ён — гісторык, скончыў завочна Мінскі педінстытут, а пасля працаваў настаўнікам.
Спачатку ў Пінскім раёне, а потым дабіўся пераводу на Случчыну. У суседнюю з роднымі Пятніцамі вёску Лядна. У школе настаўніцай рускай мовы і літаратуры працавала і маці Мікалая.
На стале раскіданыя здымкі сына розных гадоў. Зусім малы Міколка ў паліто і фуражцы пазіруе з дзіцячым гармонікам у руках, пры гэтым гарэзліва ўсміхаючыся вачыма. «У іх з братам паўтара года розніцы. Вельмі сябравалі, а яшчэ чыталі запойна. Маці іх спаць пакладзе, дзверы зачыніць, а яны зноў святло запаляць ды чытаюць начамі».
Школу Мікола скончыў з адной чацвёркай у атэстаце. «Вучыўся ён вельмі добра. У нас у школе было 23 настаўнікі, і 18 з іх пісалі ў ЦК і Вярхоўны Савет лісты на нашага дырэктара, каб яго знялі. Але ж мы не камуністы, а ён камуніст. Дык яму пісьмо назад дасылаюць, каб разабраўся з намі. А чацвёрку Мікола атрымаў па астраноміі, якую вяла жонка дырэктара».
Бацька кажа, што сын з дзяцінства не ішоў па пратаптаных сцежках, а знаходзіў сваю, асаблівую.
«Добра памятаю, як аднойчы ў настаўніцкую прыйшоў завуч, ён вёў геаметрыю, ды кажа: «Твой сын адмаўляецца даказваць тэарэму, як я яго вучу. Робіць па-свойму. Спачатку я ўсміхаўся, але ён раней нас даказаў». Мне было вельмі прыемна гэта чуць».
Падобная гісторыя здарылася з Мікалаем, калі ён паступаў у ВІЗРВ (Вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча) і здаваў экзамен па фізіцы. Рашэнне задання ён ведаў, а вось умовы не супадалі. У выніку абітурыент наважыўся падысці да выкладчыка ды сказаць, што ў заданні памылка. «А як бы вы рашылі?» — запытаўся экзаменатар. Абітурыент прадэманстраваў свой варыянт, у выніку пісьмовую работу ён нават не здаваў, так атрымаў «пяць».
У Баранавічы Статкевічы пераехалі ў 1974-м.
Перацягнула жонка, бо ў яе тут жылі сёстры і брат. У пачатку 1980-х спадар Віктар паехаў на заробкі ў Комі АССР, працаваў будаўніком. «Я праз гэты паўночны стаж добрую пенсію маю, дапамагаў грашыма сынам».
На іншым здымку Мікалай Статкевіч ужо ў вайсковай фуражцы, малады падпалкоўнік. Гэта пачатак 1990-х, пераломны этап у біяграфіі Статкевіча. Падчас жнівеньскага путчу ГКЧП Мікалай Статкевіч з трыма паплечнікамі са зброяй прарываецца на радыё ды звяртаецца да грамадзян Беларусі, кажа, што адбываецца нелегітымны захоп улады. «Мне ён нічога не расказваў, — кажа бацька. — Сябра ягоны пазней расказаў, што яны былі падрыхтаваны маральна, што жывымі адтуль не выйдуць». Тады Статкевіч быў першы затрыманы супрацоўнікамі КДБ. «Чэкіст яму сказаў: «Па вам турма плача». А праз колькі хвілінаў па радыё перадалі, што ГКЧП пацярпела паразу. Дык кагэбіст працягвае руку і кажа: «Віншую».
Пытаюся, ці не адгаворвалі бацькі сына займацца палітыкай? «Канечне, спрабавалі. Але ён сказаў, што гэта ягоны свядомы выбар. Мы добра ведалі, што такое палітыка.
Жончын бацька быў актывістам КПЗБ, а ў Савецкай Беларусі яго расстралялі ў Курапатах. Прозвішча ягонае Гарбавец. Майго бацьку забілі паліцаі ў апошні дзень адступлення. Партызаны прыходзілі ў вёску ды забіралі мужыкоў рэзаць тэлеграфныя слупы. Самі не рэзалі, а сядзелі, схаваўшыся, бо часта тыя слупы былі замінаваныя. У вёсцы хутка знайшліся людзі, што здалі бацьку. Тут яму вену прабілі, — Віктар Паўлавіч паказвае на сваю шыю. — З пахавання толькі прыехалі, як ізноў партызаны прыйшлі ды забралі каня. У Слуцку ўжо нашы войскі былі, сястра пайшла да іх, каб дапамаглі каня вярнуць. Толькі яны вырашылі».
Прашу паказаць лісты ад сына: «Атрымліваю іх кожную сераду. Піша, што ў яго ўсё нармальна. А што яшчэ напісаць можна? На спатканні ўжо не езджу, сілаў няма».
Лісты ўсе па-беларуску. Беларушчына Статкевіча не напускная, а натуральная.
«Настрой у мяне добры, на душы спакойна. Толькі хвалюе твой стан. Беражы сябе, тата», — піша Мікола.
Віктар Паўлавіч цягне на кухню. «Хлопцы, пойдзем чаю пап’ем». Дзядуля хуценька накрывае стол — пернікі, памідоры, вяндліна. «А тут мая фірменная страва — дзесяць гатункаў гародніны тушу. І плюс курыца». Усё гатуе сам. «А хто мне яшчэ гатаваць будзе? Ведаеце, няма нічога страшнейшага за адзіноту».
Яго жыва цікавяць падзеі ва Украіне, дзе жыве старэйшы сын.
Чакае, калі на ўсходзе пакончаць з тэрарыстамі. «Вы ж ведаеце, што ў пагадненні паміж Кацярынай і Асманскай Імперыяй, калі Крым пераходзіў да Расіі, было напісана, што ў выпадку абвяшчэння незалежнасці паўвострава ён пераходзіць у турэцкае падпарадкаванне?»
«Калі ў 2005 сына асудзілі на «хімію» ды адправілі ў Баранавічы, ён у мяне быў амаль штодня. Начальнік камендатуры, былы афганец, быў настроены супраць Лукашэнкі, асабліва калі вып’е», — смяецца Віктар Паўлавіч. «Не раіў сыну пісаць прашэнне, бо сам не ведаю, што зрабіў бы ў такой сітуацыі, часта пра гэта думаю».
Раптоўна стары ідзе правяраць ціск, адчуў сябе горш.
«Крыху павышаны», — кажа ён нам. Становіцца неяк няёмка, што цэлую гадзіну даймалі яго пытаннямі. З кватэры выходзім разам. Віктар Паўлавіч шустрым рухам бярэ капялюш. «Пайду свежыя газеты набуду, падпісваць мне ўжо нявыгадна. Кожны ж дзень можа быць апошнім».
***
Цытата: «Я задаю пытанне чалавеку, кандыдату, які пабаяўся сюды прыйсці, чалавеку, які займае пасаду прэзідэнта нашай краіны. Калі верыць БТ, у цябе завоблачны рэйтынг, а ў нас ніжэй за плінтус. Тады чаго ты баішся, у чым праблема? Правядзі сумленныя выбары і дакажы ўсім сваю перавагу. Вазьмі і адмяні папярэдняе галасаванне, пусці нашых прадстаўнікоў ва ўсе выбарчыя камісіі і публічна правядзі падлік бюлетэняў. Дакажы нам нашу нікчэмнасць. І тады мільярды даляраў і еўра пойдуць з Захаду ў беларускую эканоміку. І тады прэм’ер-міністры і прэзідэнты нармальных краін будуць не бегаць ад цябе, а наадварот, у чаргу выстройвацца, каб да цябе прыехаць. Правядзі — і ўсё будзе нармальна. Але ты ж баішся. І не трэба нам «ля-ля» тут пра свой круты рэйтынг. Гэты рэйтынг у цябе даўно ўжо глыбока апаў і безнадзейна».
Мікола Статкевіч на дэбатах у эфіры БТ перад выбарамі-2010.
***
Мікола Статкевіч нарадзіўся 12 жніўня 1956 ў вёсцы Лядна Слуцкага раёна. Cкончыў Мінскае вышэйшае інжынернае зенітна-ракетнае вучылішча СПА (МВІЗРВ) (1978). У 1978—1982 служыў у войску ў Мурманскай вобласці. У 1985-1990 - выкладчык МВІЗРВ. У 1991-м выйшаў з КПСС на знак пратэсту супраць уводу войскаў у Вільню. У 1991–1995 — старшыня Беларускага згуртавання вайскоўцаў. З 1995 — Старшыня Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада). У 2005-м асуджаны да прымусовых працаў за арганізацыю пратэстаў апазіцыі супраць фальшавання вынікаў парламенцкіх выбараў, у 2007-м вызвалены па амністыі. Кандыдат у прэзідэнты ў 2010-м. Затрыманы падчас плошчы, асуджаны да шасці гадоў пазбаўлення свабоды.