Былы журналіст, што застрэліў калегаў у ЗША ў жывым эфіры, патлумачыў прычыну ўчынку

27.08.2015 / 08:14

На месца забойства нясуць кветкі.

Вестэр Лі Фланаган, які застрэліў у жывым эфіры карэспандэнтку і аператара канала WDBJ7 ў штаце Вірджынія і які памёр пасля спробы самагубства, перад смерцю адправіў ліст па факсе на тэлеканал ABC News, у якім патлумачыў матывы свайго ўчынку.

У 23-старонкавым пасланні Фланаган апісвае ўсё, што яго не задавальняла ў жыцці, дадаючы, што жыў «як на парахавой бочцы».

Фланаган піша, што яго абурала расавая дыскрымінацыя ў ЗША. Ён сам, па яго словах, не раз сутыкаўся з дыскрымінацыяй адразу па некалькіх прыкметах — ад таго, што быў чорнаскурым і геем.

Фланаган — былы супрацоўнік тэлекампаніі WDBJ7, якога не так даўно звольнілі, таксама напісаў, што падвяргаўся ўціску на працы.

Фланаган напісаў таксама, што забіў журналіста і аператара канала, каб адпомсціць за стральбу 17 чэрвеня ў афраамерыканскай царкве ў Чарльстане, дзе ахвярамі нападу сталі 9 чалавек.

24-гадовая рэпарцёр Элісан Паркер і 27-гадовы аператар Адам Уард былі забітыя ў ходзе інтэрв'ю ў горадзе Манета.

Фланаган пасля стральбы спрабаваў пакончыць з сабой у сваім аўтамабілі, але выжыў пасля стрэлу. Фланагана даставілі ў бальніцу для аказання дапамогі, але выратаваць яго не ўдалося.