Абвінавачаны ў гвалце папскі нунцый памёр да пачатку суда

28.08.2015 / 12:39

Былы пасланнік Ватыкана ў Дамініканскай рэспубліцы Ёзэф Весалоўскі, абвінавачаны ў гвалце над дзецьмі і пазбаўлены сану, памёр у ноч на пятніцу перад пачаткам судовага працэсу па ягонай справе.

67-гадовы Весалоўскі раней адчуваў праблемы са здароўем, з-за якіх у ліпені суд над ім быў перанесены.

Арцыбіскупа адклікалі з пасады нунцыя ў мінулым годзе пасля паведамленняў СМІ пра тое, што ён здзяйсняў гвалт у дачыненні да хлопчыкаў-падлеткаў у Дамініканскай Рэспубліцы.

Да гэтага часу Весалоўскі адпрацаваў у Санта-Дамінга больш за пяць гадоў.

Папа Рымскі Францішак актыўна заклікаў каталіцкую царкву да рашучых дзеянняў па выкараненні педафіліі сярод святароў ва ўсім свеце і пакаранню усіх вінаватых.

У мінулым годзе папа Францішак параўнаў ўчынкі такіх людзей з сатанінскай імшой. Ён таксама дамогся прыняцця Ватыканам больш строгіх законаў у дачыненні да такіх злачынстваў.