Улады закрылі вакзал у Будапешце, мігранты скандуюць «Германія!», «Германія!»

01.09.2015 / 12:42

Laszlo Balogh/Reuters

Адна з асноўных чыгуначных станцый венгерскай сталіцы зачынена ў сувязі з сотнямі мігрантаў, якія спрабуюць пагрузіцца ў цягнікі, якія ідуць у Аўстрыю і Германію.

Рух цягнікоў з будапешцкага вакзала Келеці часова адменены.

Мігранты, ад якіх венгерскія ўлады спрабуюць вызваліць станцыю, недвухсэнсоўна даюць зразумець, куды менавіта яны імкнуцца патрапіць, скандуючы хорам: «Германія! Германія!».

Reuters.com

Некаторыя падкрэсліваюць, што заплацілі сотні еўра за квіткі і таму будуць чакаць, пакуль ім не дазволяць сесці на цягнік.

dailynewshungary.com

Прадстаўнік урада заявіў, што Венгрыя дзейнічае згодна з правіламі, па якіх тыя, хто шукае палітычнага прытулку, павінны гэта зрабіць у першай жа краіне ЕС.

У панядзелак больш за тры з паловай тысяч мігрантаў, многія з якіх — з Сірыі, выехалі з Венгрыі ў Вену.

Каля 1400 чалавек ужо прыехалі раніцай у аўторак з Аўстрыі ў нямецкі Мюнхен.

Колькасць мігрантаў, якія з пачатку года прыбылі ў Еўропу праз Міжземнае мора, перавысіла 350 тыс. чалавек.