Аналіз ДНК дапамог рашыць загадку баскаў
08.09.2015 / 12:01
Аналіз ДНК парэшткаў старажытнага чалавека, мяркуючы па ўсім, дапамог вырашыць таямніцу аднаго з самых загадкавых народаў Еўропы — баскаў.
Свята баскаў «Дзень гусі»: паводле старажытнага звычаю, у падвешанай над вадой гусі трэба адарваць галаву разам з шыяй. Фота Reuters
Спецыфічная мова і адрозны ад іншых еўрапейцаў геном гэтага народа, які жыве на поўначы Іспаніі і поўдні Францыі, ужо многія дзесяцігоддзі не давалі спакою антраполагам, якія ламалі галаву над загадкай паходжання баскаў.
Паводле адной з існуючых тэорый, баскі — нашчадкі старажытных паляўнічых, якія жылі ў гэтых месцах і па нейкіх прычынах не змяшаліся з іншымі групамі.
Вынікі даследавання, апублікаваныя ў часопісе PNAS, сведчаць, што насамрэч баскі пайшлі ад старажытных земляробаў, якія змяшаліся з мясцовымі паляўнічымі-збіральнікамі і пасля гэтага на працягу тысячагоддзяў жылі ў ізаляцыі.
Баскі адрозніваюцца так званай ізаляванай мовай і некаторымі ўнікальнымі звычаямі, якіх не знайсці ў іншых еўрапейскіх народаў. Мова баскаў (самі баскі называюць яе Euskara), як сцвярджаюць спецыялісты, наогул не мае роднасных моў у свеце.
Геном баскаў
Баскам таксама ўласцівыя генетычныя асаблівасці, адрозныя ад іх суседзяў у Францыі і Іспаніі.
Лагічна было б выказаць здагадку, што яны ўяўляюць сабой нашчадкаў мясцовага насельніцтва, якое адносіцца да больш старажытнага перыяду, аднак як далёка сыходзяць іх карані, было не ясна.
Адзін з фестываляў баскаў Jaialdi — незвычайна маляўнічае відовішча. Фота AP
Вучоны шведскага ўніверсітэта Упсала Маціяс Якабсан даследаваў геном знойдзеных на поўначы Іспаніі васьмі чалавечых шкілетаў, якія паходзяць з каменнага веку.
Гэтыя людзі жылі прыкладна 3,5—5,5 тысяч гадоў таму, пасля таго, як на паўднёвым захадзе Еўропы адбыўся пераход да ранняга земляробства.
Даследаванне паказала, што раннія іберыйскія земляробы з'яўляюцца продкамі цяперашніх баскаў.
Міграцыя на захад
Параўнанне з іншымі старажытнымі еўрапейскімі земляробамі паказвае, што земляробства было прынесена ў паўночную і цэнтральную Еўропу тымі ж групамі мігрантаў, якія прыйшлі з Блізкага Усходу на еўрапейскі кантынент каля сямі тысяч гадоў таму, калі наступіў перыяд неаліту.
Калі земляробы аселі на гэтых землях, яны змяшаліся з мясцовымі паляўнічымі-збіральнікамі, нашчадкамі тых, хто жыў у Еўропе яшчэ з часоў апошняга ледавіковага перыяду.
Геном знойдзеных на поўначы Іспаніі шкілетаў паказвае, што гэтыя людзі былі больш блізкімі сваякамі старажытных паляўнічых, чым старажытныя земляробы, якія жылі на некалькі тысяч гадоў раней на тэрыторыі цяперашніх Германіі, Венгрыі і Іспаніі.
Зямля баскаў, якая так прываблівае цяпер турыстаў, у старажытныя часы была недаступная для заваёўнікаў
Гэтае даследаванне тлумачыць некаторыя адрозненні паміж баскамі і іх суседзямі.
Продкі баскаў — пасля першапачатковага змешвання старажытных земляробаў і паляўнічых — апынуліся ізаляванымі, магчыма, па геаграфічных і культурных прычынах.
«Цяжка рабіць якія-небудзь здагадкі, але мы працавалі з басконскімі гісторыкамі, і з гістарычных хронік ясна, што гэты рэгіён было вельмі цяжка заваяваць», — распавёў Бі-бі-сі прафесар Якабсан.
Гэта азначае, што рэгіён пражывання баскаў заставаўся практычна не кранутым наступнымі працэсамі міграцыі, якія вызначылі генетычную карціну ў Еўропе.
Ізаляцыя і міграцыя
Міграцыйныя працэсы, у прыватнасці, былі адзначаны ў бронзавым веку, калі ў заходнюю частку Еўропы ў масавым парадку перамяшчаліся жывёлаводы з усходняй перыферыі кантынента.
Гэтыя міграцыйныя плыні, магчыма, прывялі да распаўсюджвання тут індаеўрапейскіх моў, закрануўшы паўночныя і цэнтральныя рэгіёны Еўропы больш, чым паўднёвыя.
На фестывалі ў французскай Баёне, дзе таксама жывуць баскі, не абыходзіцца без традыцыйнага забегу з быком. Фота AFP
Геном французаў і іспанцаў відавочна сведчыць пра гэтыя міграцыі, аднак гэтыя міграцыйныя плыні ніяк не закранулі геном баскаў.
Наступная хваля міграцыі, якая яшчэ больш адасобіла баскаў ад іх суседзяў, пачалася ў 711 годзе, калі войскі мусульман уварваліся з Паўночнай Афрыкі на Пірэнейскі паўвостраў, што завяршылася заваяваннем мусульманамі Іспаніі, валадарства якіх доўжылася больш за 700 гадоў.
І зноў, нягледзячы на тое, што геном іспанцаў сведчыць аб іх некаторым сваяцтве з жыхарамі Паўночнай Афрыкі і тэрыторый на поўдзень ад Сахары, у баскаў гэтая роднасная лінія практычна адсутнічае.
Доля генаў старажытных еўрапейскіх паляўнічых-збіральнікаў, якую маюць і баскі, розная ў розных народаў Еўропы. Вышэйшая за астатніх яна яшчэ ў эстонцаў і літоўцаў (каля 30%), але «чыстакроўных» нашчадкаў спрадвечных еўрапейцаў у Еўропе ўжо даўно не засталося.
Мяркуючы па ўсім, яны былі асіміляваныя мігрантамі эпохі неаліту, якія былі, магчыма, больш шматлікімі за «карэнных» еўрапейцаў.