Мінчук прызнаўся знаёмай, што скраў у яе кватаранткі 7 млн рублёў, — праз SMS

14.09.2015 / 14:03

Мужчыну затрымалі, нягледзячы на тое што ён змяніў нумар тэлефона, месца жыхарства і прозвішча. Чужыя грошы грамадзянін прайграў у казіно.

Пра гэта карэспандэнту агенцтва «Мінск-Навіны» расказала прэс-афіцэр Фрунзенскага РУУС Вераніка Стрэльская. Грошы мужчына выкраў у 20-гадовай студэнткі, якая здымала пакой у кватэры ў адным з дамоў на вуліцы Дуніна-Марцінкевіча. Пасля таго як выявілася, што грошы зніклі, дзяўчына звярнулася ў міліцыю.

«Супрацоўнікі ў той жа дзень вызначылі асобу падазраванага. Ім аказаўся знаёмы гаспадыні кватэры, які перыядычна яе наведваў і меў ключы ад жылля. Аператыўнікі высветлілі, што ў дзень злачынства мужчына быў у кватэры», — паведаміла Стрэльская.

Пазней ён даслаў сваёй сяброўцы (гаспадыні кватэры) SMS з прызнаннем і прасіў дараваць яму. Аператыўныя супрацоўнікі крымінальнага вышуку прыступілі да пошукаў зламысніка. Мужчына змяніў нумар тэлефона і месца жыхарства. Некалькі разоў выязджаў за мяжу, здымаў кватэры. Затым ажаніўся і ўзяў прозвішча жонкі.

Праваахоўнікам удалося ўстанавіць месцазнаходжанне падазраванага, якога затрымалі і даставілі ў Фрунзенскае РУУС. Аказалася, 39-гадовы грамадзянін раней судзімы за крадзеж і махлярства. У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа.