Пятро Ялфімаў прайшоў у 1/4 фіналу расійскага шоу «Галоўная сцэна» ВІДЭА

21.09.2015 / 10:11

Беларускі выканаўца Пятро Ялфімаў трыумфальна прайшоў у чвэрцьфінал расійскага тэлешоу «Галоўная сцэна». У другім выпуску праграмы ў журы традыцыйна сядзелі Мікалай Наскоў, Валерый Лявонцьеў, Дыяна Арбеніна і запрошаны госць — Вячаслаў Дабрынін.

Ялфімаў выступаў першым. Пятро выканаў папулярны хіт канца 70-х гадоў, песню «Зорачка мая ясная», з рэпертуару гурту «Цветы». Ён праспяваў досыць блізка да арыгіналу, але ў фінале дадаў феерычна высокі вакаліз, не дапусціўшы ніводнай фальшывай ноты.

Абмеркаванне журы было самым кароткім — усе чацвёра адразу сказалі «так». Арбеніна толькі дадала, што зараз у яе з'явіўся выразны крытэр — хто мае права знаходзіцца на «Галоўнай сцэне». І ў гэтага крытэрыю ёсць канкрэтнае імя і прозвішча - Пятро Ялфімаў.

Пятра папрасілі выканаць іншую кампазіцыю, каб паглядзець іншыя магчымасці голаса — што было чыстай фармальнасцю, і можа быць, цікаўнасцю. Вакаліст пераканаўча паказаў зусім іншую манеру і іншы, рокавы тэмбр, прасьпяваўшы шлягер Вячаслава Дабрыніна «Качается вагон» — прычым сам аўтар з задавальненнем падпяваў другім голасам.