Затрыманы намеснік дырэктара Магілёўскага мясакамбіната
21.09.2015 / 22:07
Намеснік дырэктара ААТ «Магілёўскі мясакамбінат» затрыманы па падазрэнні ў крадзяжы.
Як паведамілі ва УУС Магілёўскага аблвыканкама, УСК па Магілёўскай вобласці пачало расследаванне крымінальнай справы ў дачыненні да затрыманага. Намеснік дырэктара мясакамбіната падазраецца ў крадзяжы шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі, г.зн. паводле часткі 2 артыкула 210 Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.
Гэта не першы факт выяўленага апошнім часам супрацоўнікамі УБЭЗ УУС Магілёўскага аблвыканкама злачынства з боку службовых асоб ААТ «Магілёўскі мясакамбінат». Магчыма, хутка стануць вядомыя імёны саўдзельнікаў учыненага.
У ліпені член наглядальнага савета ААТ «Магілёўскі мясакамбінат» быў западозраны ў крадзяжы прадукцыі прадпрыемства больш чым на 300 млн рублёў.
У канцы мая загадчыца магазіна фірменнага гандлю ААТ «Магілёўскі мясакамбінат» была абвінавачаная ў крадзяжы некалькіх мільярдаў рублёў. Крымінальная справа ў дачыненні да яе была распачата падчас расследавання дзвюх іншых спраў аб крадзяжах на прадпрыемстве.