У БДУ распрацавалі ядомую абгортку для цукерак

22.09.2015 / 15:16

У Навукова-даследчым інстытуце фізіка-хімічных праблем Белдзяржуніверсітэта распрацавана ядомая абгортка для цукерак. 

Як паведамляе прэс-служба БДУ, упакоўка ўяўляе сабой поўнасцю біяраскладаную плёнку, якая захоўвае смак, пах і знешні выгляд прадуктаў. Таксама прадугледжана магчымасць увядзення ў яе склад інгрэдыентаў, якія дапаўняюць смакавыя характарыстыкі. 

Навуковая распрацоўка выраблена з прыродных харчовых палімераў, «на 100% нетаксічная, біясумяшчальная і поўнасцю разлагаецца ў арганізме чалавека», гаворыцца ў паведамленні. 

«Асновай атрымання ядомых плёнак з'яўляецца агульнадаступны кукурузны крухмал, які мае нізкі кошт. Усё гэта стварае магчымасць арганізацыі канкурэнтаздольнай вытворчасці ядомых плёнак у якасці ўпаковачных матэрыялаў», — зазначыў загадчык лабараторыі раствораў цэлюлозы і прадуктаў іх перапрацоўкі НДІ ФХП Дзмітрый Грыншпан.