Cкандал вакол Volkswagen: фірма збірае раду дырэктараў

23.09.2015 / 07:59

Рада дырэктараў германскага аўтамабільнага гіганта Volkswagen правядзе экстранную нараду ў сувязі са скандалам вакол прылады, што паніжае рэальныя паказчыкі выкідаў аўтамабіляў.

Раней кампанія прызнала, што гэта прылада ўстаноўлена як мінімум у 11 млн машын.

Па паведамленнях з Германіі, прэзідэнт Volkswagen Марцін Вінтэркорн страціў давер і падтрымку ключавых інвестараў.

Вінтэркорн ужо двойчы папрасіў прабачэння за масавую ўстаноўку гэтай апаратуры на машыны яго кампаніі.

У панядзелак акцыі Volkswagen ўпалі на 20% пасля таго, як амерыканскі рэгулятар паведаміў, што праграмнае забеспячэнне некалькіх аўтамабіляў з дызельнымі рухавікамі магло на выпрабаваннях дэманстраваць больш нізкія паказчыкі выкідаў, чым у рэальных умовах эксплуатацыі машын.

Амерыканскія ўлады абавязалі Volkswagen адклікаць амаль паўмільёна сваіх аўтамабіляў у ЗША, што абыдзецца кампаніі ў буйную суму.

Некалькі іншых краін таксама абвясцілі, што пачнуць да расследавання гэтай справы.