Мікалай Статкевіч: Мэта сённяшняй акцыі — вярнуць беларусам права на пратэст
23.09.2015 / 09:57
Мікола Статкевіч арганізуе сёння сустрэчу выбарцаў. Яна мае прайсці на плошчы Свабоды ў Мінску ад 18-й.
Экс-кандыдат у прэзідэнты запрасіў на сустрэчу і Аляксандра Лукашэнку, папярэдне пералічыўшы пяць вострых пытанняў, адказы на якія беларусы хацелі б атрымаць ад кіраўніка дзяржавы.
Напярэдадні акцыі палітык узяў удзел у анлайн-канферэнцыі на сайце радыё «Свабода». На ёй Мікалай Статкевіч расказаў пра мэты сённяшняй сустрэчы.
«Я не разумею, навошта трэба чакаць 11 кастрычніка, каб паказаць грамадству, што выбары былі сфальсіфікаваныя ўжо на стадыі вылучэння кандыдатаў. Я раблю гэта ўжо цяпер і запрашаю вас далучыцца да выбарчага сходу, які адбудзецца на плошчы Свабоды. У нас няма іншага выйсця, як працягваць барацьбу за свабодную Беларусь, іншай краіны ў нас няма», — заявіў палітык, адказваючы на пытанне пра «выбары».
Мікалай Статкевіч падкрэсліў, што «грамадства, шмат гадоў сціснутае прэсам страху, здольнае на нечаканы выбух». «Адна з мэтаў мерапрыемстваў, якія я пачаў праводзіць 10 верасня пікетам ля ГУМа, у тым, каб знізіць узровень страху ў грамадстве і вярнуць яму права на публічныя акцыі. Калі гэта атрымаецца, то ў людзей будзе магчымасць публічна выказваць свой пратэст», — сказаў ён.
Мікалай Статкевіч распавёў аб стратэгіі далейшых дзеянняў апазіцыі.
«23 верасня, калі ласка, прыходзьце на сустрэчу выбаршчыкаў у 18:00 на плошчу Свабоды, — сказаў палітык. — Цяпер наконт 11 кастрычніка. Для мяне гэтай даты не існуе. Калі Лукашэнка не прыйдзе 23 верасня, я прызначу яму яшчэ адну сустрэчу, дам яшчэ адзін шанец, напрыклад 10 кастрычніка, калі яшчэ ідзе агітацыйная кампанія, калі ўжо будуць усе назіральнікі і СМІ тут. Збіраемся разам і паслухаем яго ўсё ж такі, а калі ён не прыйдзе, тады вызначымся ў сваім стаўленні да ўсёй гэтай кампаніі — хадзіць на яе ці не хадзіць, і ў тым, што мы будзем рабіць далей. А таксама пагаворым аб тым, якой выдатнай магла б быць наша Беларусь, калі б не было гэтага чалавека.
Я ўсведамляю сваю адказнасць перад тымі людзьмі, якія звязваюць свае надзеі на свабодную, нармальную, еўрапейскую, беларускую Беларусь з маёй фігурай. Я не магу зрабіць усё. Але ведаю, што калі я спалохаюся, адмоўлюся ад барацьбы, то гэта будзе і ўдар па ідэалах і гэтых людзей. Я не абяцаю неадкладна прывесці вас да перамогі. Але я абяцаю, што не спынюся, чаго б гэта мне не каштавала. Бо ў гэтай сітуацыі мой лёс мне ўжо зусім не належыць», — кажа Статкевіч.