Дзмітрый Яраш просіць даць беларусам з Правага сектара ўкраінскае грамадзянства
23.09.2015 / 12:19
Пра гэта ў інтэрв'ю «Беларускаму партызану» сказаў лідар Правага сектара Дзмітрый Яраш.
«Беларусы будуць задзейнічаныя ў барацьбе з расійскім імперыялізмам, якім чынам я не магу гаварыць, бо гэта ваенная таямніца», — сказаў Яраш.
Ён перакананы, што «кожны з замежнікаў, хто змагаўся і змагаецца за дзяржаўнасць Украіны, зойме сваё месца ў пантэоне герояў і пакуль ідзе вайна, яны будуць гэтак жа прыцягвацца да пэўных аперацый».
«Мы ўсім месца знойдзем», — падкрэсліў лідар Правага сектара, які цяпер праходзіць лячэнне ў Днепрапятроўску.
У батальёне Правага сектара ваюе некалькі дзясяткаў грамадзян Беларусі, якія нядаўна сфармавалі там «тактычную групу «Беларусь».
Галоўная праблема, якая хвалюе беларусаў, гэта атрыманне грамадзянства Украіны, бо вярнуцца дадому яны пакуль не могуць.
Дзмітрый Яраш паведаміў БП, што ён працуе ў гэтым кірунку, каб усе беларусы атрымалі ўкраінскія пашпарты.
«Мы ўжо падавалі адзін спіс у адміністрацыю прэзідэнта Украіны. Недзе ён прыйшоў да прэзідэнта і там заглух. Гэта да размовы аб эфектыўнасці ўлады зноў-такі. Бо прэзідэнт на адкрыцці Вярхоўнай рады казаў, што дасць грамадзянства ўсім, хто ваюе. Але гэты працэс тармозіцца. Тут нават жаданне прэзідэнта аднаго мала. У яго каманды як такой эфектыўнай няма, яны блакуюць, сабатуюць і часта падстаўляюць па пэўных рэчаў. Ён бы і хацеў зрабіць нешта добрае, так не дадуць. А абаперціся на нейкія нармальныя сілы палітычнай волі ў прэзідэнта няма», — заявіў Дзмітрый Яраш.