Пікет на Камароўцы за Караткевіч: людзі ідуць, як хадакі да Леніна ФОТАРЭПАРТАЖ
23.09.2015 / 14:47
Мінская Камароўка — гэта вялікая хваля людзей незалежна ад дня тыдня. Таму падчас выбараў рынак з'яўляецца адной з галоўных пунктаў перадвыбарчых пікетаў. Карэспандэнт «Нашай Нівы» адправіўся туды, каб паглядзець на грамадскую актыўнасць грамадзян у гэтым годзе.
Ля ўваходу на рынак стаяць тры пікеты. Два з іх за Лукашэнку і адзін за Караткевіч.
За Лукашэнку агітуюць ФПБ і «Белая Русь».
А вось так выглядае пікет за Караткевіч па стане на 12:50
Нягледзячы на такую канкурэнцыю, Яўген Рыбакоў, актывіст Партыі БНФ, раздае інфармацыйныя ўлёткі ды трымае ў руцэ бел-чырвона-белы сцяг.
Пасля да яго далучыліся два добраахвотнікі. Адзін раздаваў запрашэнні на сустрэчу з Таццянай Караткевіч 25 верасня ў Мінскім фінансава-эканамічным каледжы, а другі дапамагаў раздаваць улёткі з праграмай Народнага рэферэндуму.
Людзі падыходзяць і задаюць пытанні. Пераважна іх цікавяць нацыянальныя і палітычныя пытанні. Шмат людзей жадала азнаёміцца з праграмай кандыдата ў прэзідэнты.
Людзі пытаюцца, ці ўмее Караткевіч размаўляць па-беларуску. Пенсіянеркі пытаюцца, ці ўдзельнічаў яе дзед у Другой сусветнай вайне. Не было ніякага негатыву.
Сам жа Яўген пра пікет кажа так: «Я вось ужо дзве гадзіны стаю. Да пікетаў Лукашэнкі таксама падыходзяць. Але да нас людзі падыходзяць з пытаннямі і просяць дапамогі ў тых ці іншых праблемах».
Як заўважна па фота, падыходзяць людзі рознага ўзросту і статусу.
Пакуль абмяркоўваўся пікет за Аляксандра Лукашэнку, да пікету за Караткевіч падышла бабуля і заявіла: «Хай Караткевіч выступіць па тэлебачанні і здыме сваю кандыдатуру. А пасля хай прыходзіць сёння на Плошчу Свабоды».
Яўген не разгубіўся і ветліва адказаў: «Хай Мікола Статкевіч прыходзіць сюды лепей і пастаіць з намі».
У сярэднім кожныя пяць хвілін да пікета хто-небудзь падыходзіў і што-небудзь пытаўся. У параўнанні з пікетамі «Белай Русі» і ФПБ гэта выглядала прыстойна. Магчыма, людзі бачылі, што людзі цікавяцца і самі падыходзілі азнаёміцца.
«А я вось аднойчы падышоў да пікету ФПБ і папрасіў у іх праграму, дык яны сказалі што ўсе раздалі», — распавядае Яўген. «Я вось зараз хачу разабрацца з адной пікетоўшчыцай, якую хутчэй за ўсё прымусілі тут стаяць і яна, замест таго каб працаваць, стаіць тут. Гэта ж парушэнне заканадаўства».
На пікеце было заўважна, што людзям хочацца мець альтэрнатыву. Прычым людзей усё больш цікавяць пытанні мовы, дзяржаўнасці і незалежнасці.