Беларуска прайшла адбор польскага шоу талентаў «The Voice of Poland»

24.09.2015 / 17:06

Шматгадовая лаўрэатка фестывалю «Беларуская песня» і выпускніца Гайнаўскага беларускага ліцэя заваявала сэрцы журы польскага талент-шоу «The Voice of Poland».

Маладая спявачка Рэната Тушынская сваім голасам пераканала да сябе вядомых польскіх музыкаў: Эдыту Гурняк, Анджэя Пясэчнага ды сябраў гурту «Afromental».

Цяпер яе чакаюць чарговыя этапы змагання з іншымі таленавітымі музыкамі.

Рэната Тушынская вучыцца ў музычна-эстраднай школе і спявае ў адным з беластоцкіх блюз-пабаў.

Рэната Тушынская:

— Спяваць у Варшаве было для мяне вельмі цяжка: вялікі стрэс і вялікая аўдыторыя, плюс славутыя асобы… Спяванне беларускай песні было вельмі важным у маім жыцці, беларуская мова больш меладычная.

Маці спявачкі, Гэлена Тушынская:

— Я вельмі ганаруся, аж не стае словаў. Яна заўсёды ведала, чаго хоча і выступала ў Гайнаўцы у беларускі гурце «Знічка», калі вучылася ў ліцэі.

Цяпер спявачка рыхтуецца да чарговага этапу талент-шоу польскага тэлебачання. Праграма з яе ўдзелам ужо ў кастрычніку.