У Брэсце да выбараў настаўнікам павялічылі заробак на 20%

24.09.2015 / 17:20

Настаўнікам з Брэста павышаюць заробак. Гэта вынікае з пастановы загадчыцы аддзела адукацыі адміністрацыі Ленінскага раёна Брэста ад 1 верасня.

Павышэнне тлумачаць «дадатковай мерай стымуляцыі працы». І звязваюць яго з дэкрэтам кіраўніка краіны за 1999 год «Аб дадатковых мерах па ўдасканальванні працоўных адносінаў».

Павышэнне тарыфнай стаўкі да 50% кранецца усіх педагагічных супрацоўнікаў, бібліятэкараў, намеснікаў кіраўнікоў устаноў адукацыі і кіраўнікоў вучэбна-спартовых устаноў.

«Прыкладна на 17-20% цяпер вырастуць заробкі ў настаўнікаў», — тлумачаць у бухгалтэрыі аддзела адукацыі. З чым звязанае такое павышэнне, тут не тлумачаць.

Настаўнікі ў такую удачу вераць слаба: заробак даўно ніхто не падымаў, ніхто не папярэджваў, толькі абвестку павесілі. Пакуль ім налічылі адпускныя, без павышэння.

«Два дні таму павесілі такую абвестку на дошцы, з гэтым прыказам. Мы спачатку не паверылі, бо ніякага сходу на гэты конт ці тлумачэнняў не было. Нічога не казалі па тэлевізары і радыё. Пакуль нам далі толькі аванс пасля адпачынку, таму па грошах гэта не адчулі», — расказвае настаўніца з Брэста Алена.

Яе апошні заробак — 3,5 мільёна. Наступны, калі павысяць, будзе ў пачатку кастрычніка.

Цікавімся: ці не павысілі заробак настаўнікам у іншых рэгіёнах. У Віцебску павышэння пакуль не было і не плануецца, запэўніваюць у аддзеле адукацыі Віцебскага гарвыканкама.

Нічога не ведаюць пра павышэнне сталічныя настаўнікі. Заробак апошні раз падымалі больш за год таму, адразу адказвае настаўнік з Мінска Максім:

«З мінулага года нічога не павысілася. На колькі тады, ужо і не памятаю. Пасля толькі тарыфную стаўку там мянялі, але гэта 50 тысяч у дадатак».

Мясцовыя ўлады могуць павысіць заробак самастойна, тлумачаць у Мінадукацыі, без цэнтралізаванага рашэння. Гэта дазваляе дэкрэт кіраўніка краіны.

«Мясцовыя органы ўлады прымаюць такія рашэнні па ўсёй краіне, у залежнасці ад сітуацыі, у розны час», — кажуць у Мінадукацыі.

У сярэднім за жнівень настаўнікі зарабілі 5,5 мільёна, паведамляе Белстат, агульны заробак у адукацыі 4,6 мільёна.