Украіна забараніла палёты расійскіх кампаній

25.09.2015 / 16:04

Урад Украіны вырашыў забараніць лётаць у краіну расійскім авіякампаніям, у першую чаргу «Аэрафлоту» і «Трансаэра».

Як паведамляецца ў твітары кабінета міністраў, таксама вырашана забараніць расійскім самалётам здзяйсняць транзітныя пералёты праз паветраную прастору Украіны ў выпадку, калі яны вязуць грузы ваеннага прызначэння.

Такія рашэнні міністры прынялі па выніках абмеркавання санкцыйнага спісу, падрыхтаванага Радай нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны і апублікаванага на мінулым тыдні.

16 верасня Украіна ўвяла санкцыі ў дачыненні да расійскіх авіякампаній, якія прадугледжваюць «абмежаванне, частковае або поўнае спыненне транзіту рэсурсаў, палётаў і перавозак па тэрыторыі Украіны».

У той спіс, у прыватнасці, патрапілі найбуйнейшыя расійскія авіяперавозчыкі — «Аэрафлот», «Трансаэра», «Сібір», «Расія», «Уральскія авіялініі», «Арэнбургскія авіялініі» і іншыя. Не патрапіла пад санкцыі толькі кампанія «Ютэйр».

Пры гэтым у першапачатковай версіі спісу не ўдакладнялася, якія канкрэтна санкцыі пагражаюць расійскім авіяперавознікам. Адзначалася толькі, што гаворка ідзе аб частковым або поўным спыненні транзіту рэсурсаў і палётаў над тэрыторыяй Украіны.